Беларуская грамада Канады 3 ліпеня адзначыла 100-гадовы юбілей з дня нараджэння аднаго з “бацькоў” Згуртавання Беларусаў Канады Аляксея Грыцука.
Магістр Варшаўскага універсітэта, у гады вайны Аляксей Грыцук стварыў на Беласточчыне больш за 80 беларускіх школ, а ў выгнанні, у Канадзе, адразу пасля прыезда актыўна ўключыўся ў беларускае жыццё, многія гады быў старшынём Згуртавання Беларусаў Канады і Радным БНР. Усё жыццё любіў паэзію і напісаў адну з лепшых дысертацый, прысвечаных М. Багдановічу, якую, аднак, не паспеў абараніць ( памёр А. Грыцук 30 траўня 1976 г). На яго магіле лацінкаю выбіты надпіс: “Змагар за волю Беларусі, хай сняцца табе родныя гоні.”
Акурат 3 ліпеня, у дзень ягонага нараджэння, у Кінгстан, Антарыё, прыехалі беларусы з Таронта і Атавы.
Паніхіду па слаўнаму беларусу, які ўсё сваё жыццё працаваў дзеля Бацькаўшчыны – як на радзіме, Беласточчыне, так і ў эміграцыі – правёў Уладыка Святаслаў, Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі япіскап.
Каля помніка выступілі старшыня Рады БНР, блізкі сябра сям’і Грыцукоў сп. Івонка Сурвілла, ганаровы сябра ЗБК пісьменніца Вольга Іпатава, а таксама ўдава А. Грыцука, аўтарка кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь” Вольга Грыцук.
Старшыня Зуртавання Валянціна Шаўчэнка і кіраўнічка гурта “Яваровыя людзі” Віялета Кавалёва зачаравалі прысутных цудоўнымі беларускімі песнямі, якія яны выканалі з натхненнем і на добрым прафесійным узроўні ў хаце Грыцукоў.
Івонка Сурвілла
Вольга Грыцук і Вольга Іпатава
Ю. Трубец