У 2004-м годзе з прычыны моўнай сітуацыі ў Беларусі і ў якасці майго сціплага адказу на стаўленне ўладаў краіны да беларускай мовы я вырашыў заснаваць прэмію “За любоў да роднай мовы”, якая б штогод ўручалася аднаму з выпускнікоў Віленскай сярэдняй школы імя Францішка Скарыны.Пагаварыў з дырэктаркай школы Галінай Сівалавай. Яна падтрымала маю ідэю. Вызначылі памер прэміі, распрацавалі ўзор адпаведнай граматы, і... працэс пайшоў.Першай, хто быў удастоены гэтай прэміі стала Наталля Бука (2004), затым – Маргарыта Стральчэня (2005), Анастасія Лукша (2006), Інга Лушчава (2007).Напрыканцы 2007-га года мяне наведала чарговая думка: “А чаму б не заснаваць медаль “За любоў да роднай мовы” з дадаткам да яго ўжо згаданай прэміі?”.Звярнуўся да вядомага на Віленшчыне скульптара Эдуарда Падбярэзкіна. Ён таксама падтрымаў маю ідэю і неўзабаве медаль, адліты з бронзы і выкананы на добрым мастацкім узроўні, з аднаго боку якога красавалася выява Францішка Скарыны, а з другога – ягоны кніжны знак, быў у мяне ў руках.Сама ідэя заснавання медаля трымалася мною ў сакрэце, таму, калі напрыканцы 2007/2008 навучальнага года чарговая выпускніца школы Таццяна Кавальчук была ім уганараваная (з грашовай прэміяй у дадатак), то гэта з’явілася для ўсіх прыемнай нечаканасцю. Прычым сталася так, што адбылося гэта ў прысутнасці старшыні Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі і генеральнага дырэктара Дэпартамэнту нацыянальных меншасцяў і эміграцыі пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі Антанаса Пятраўскаса.Леанід Гуляка знешне ніяк не адрэагаваў на гэтую ўзнагароду, а Антанас Пятраўскас, неўзабаве пасля яе ўручэння, падышоў да мяне і сказаў, што такая ўзнагарода зрабіла б гонар не толькі яму, але і кіраванаму ім Дэпартамэнту, і што яна магла б уручацца лепшым знаўцам роднай мовы ўсіх школаў нацыянальных меншасцяў у Літве.Гэтыя словы не пакінулі мяне абыякавым, і 10 ліпеня 2008 году я з’вярнуўся ў Дэпартамэнт нацыянальных меншасцяў і эміграцыі з прапановаю заснаваць такую ўзнагароду ад імя Дэпартамэнту, г. зн. ужо на дзяржаўным узроўні.Там такой ініцыятывы з майго боку, відаць, не чакалі. Прайшоў адзін месяц, другі. Цішыня. Я вырашыў пацікавіцца лёсам сваёй прапановы. Высветлілася, што сама ідэя Дэпартамэнту спадабалася, але для яго не прыймальны ў якасці ўзнагароды медаль. Папрасілі падумаць над альтэрнатыўнай прапановай.27 лістапада таго ж года я паўторна звярнуўся ў Дэпартамэнт. Гэтым разам з прапановаю прыняць за аснову ў якасці ўзнагароды добрую кнігу, пры ўмове, што кніга, прызначаная для выпускніка беларускай школы, будзе на беларускай мове, для выпускніка расейскай школы – на расейскай, польскай – на польскай і г. д., і абавязкова з грашовай прэміяй у дадатак.Гэтая прапанова была прынятая і 31 студзеня 2009 года – падчас урачыстасцяў, прысвечаных 90-годдзю Віленскай беларускай гімназіі і 15-годдзю Віленскай сярэдняй школы імя Францішка Скарыны – узнагарода пад назваю “За захаванне і пешчанне роднай мовы” ў выглядзе двухтомніка “Вялікае Княства Літоўскае” і грашовай прэміі, была ўручаная. Яе атрымала з рук намесніка генеральнага дырэктара Дэпартамэнту Станіслава Відтманна вучаніца выпускнога класа школы Эвяліна Ірына Базюк.Дзеля чаго я аб гэтым пішу? Што я хачу гэтым сказаць?На маю думку, выказаць сваю нязгоду са стаўленнем уладаў Беларусі да беларускай мовы можна па-рознаму. Камусьці дастаткова таго, што ён сам з’яўляецца яе носьбітам, хтосьці возьме сцяг і пойдзе на мітынг, а хтосьці напіша манаграфію ці прачытае лекцыю. І кожная з гэтых і шматлікіх іншых формаў мае права на жыццё. Важна, каб мы былі адзінымі ў сваім імкненні да захавання і далейшага развіцця роднае мовы, каб не апускалі рукі і не давалі сябе ў крыўду.Спадзяюся таксама, што мой прыклад можа з’явіцца неабходным штуршком для іншых, неабыякавых да сітуацыі ў Беларусі, чытачоў.Будзьма разам!
Старшыня Віленскага беларускага таварыства палітычных вязняў і ссыльных Валянцін СТЭХ
Газета “Беларус”, № 557 за чэрвень 2009 года