Беларускія зялёныя правялі ІТ-канферэнцыю ў Літве

У першы летні ўікэнд адбыўся Медыябаркэмп — беларуская “не-канферэнцыя” на тэрыторыі недалёка ад Ніды, на Куршскай касе, у кіламетры ад Балтыйскага мора і ужо ў другі раз
Еўрарадыё задала некалькі пытанняў арганізатару мерапрыемства Аляксею Крывалапу.Еўрарадыё: Аляксей, чаму Медыябаркэмп праводзіўся менавіта ў Літве?
 
Аляксей Крывалап: "Ёсць два асноўных адказы: па-першае, калі падобнае мерапрыемства будзе заяўлена ў Беларусі, а сярод арганізатараў будуць палітычныя партыі, як у нашым выпадку, партыя "зялёных", то вельмі вялікая верагоднасць, што ў апошні момант у будынку, які будзе арэндаваны пад мерапрыемства, адключаць святло, пачнецца рамонт... будзе штосьці такое, што паставіць пад пагрозу ўсё мерапрыемства. Больш танна, больш зручна гэта правесці тут. Па-другое, гэта вельмі карысна, калі людзі могуць паглядзець на тое, што адбываецца ў іншых краінах, у іншых культурах. Я лічу, што Медыябаркэмп — гэта ў большай ступені беларускі баркэмп, бо 80% удзельнікаў — беларусы". Еўрарадыё: Чаму гэтае мерапрыемства падтрымлівае партыя “зялёных”? Аляксей Крывалап: "Нам, "зялёным", падаецца вельмі істотна тое, што мы сабралі абсалютна, татальна розных людзей. Гэта спроба патлумачыць, што палітычная партыя — гэта не страшна. Тым больш, гэта не палітычная імпрэза, для нас — гэта культурніцкае мерапрыемства.Крышачку пра назву. Чаму "Медыябаркэмп"? Ну, па-першае, гэта даволі простая для пошуку ў інтэрнэце назва. Медыі — гэта нешта такое, што адмаўляе манаполію звычайных СМІ на інфармацыю, бо ўсе тыя розныя людзі, што прысутнічаюць зараз тут — а гэта і паэты, і музыкі, і прадстаўнікі СМІ, і праграмісты — усе яны і вытворцы, і спажыўцы нейкага кантэнту. Медыя — гэта прастора, у якой існуе сучасная культура, не толькі беларуская".Еўрарадыё: Удзельнікі амаль да канца шляху не ведалі, куды яны едуць. Навошта такая сакрэтнасць?Аляксей Крывалап: "Гэта не сакрэтнасць! Гэта такі своеасаблівы стыль Медыябаркэмпа. Ну і калі б мы напісалі на сайце, што гэты баркэмп будзе праходзіць на Куршскай касе ў Нідзе, было б нашмат меньш удзельнікаў, нашмат больш так званых "турыстаў", якія едуць проста каб кудысьці з'ездзіць, тым больш выдавалася бясплатная віза. Мы можам казаць, што ў нас было 324 заяўкі на 100 месцаў, і мы самі адбіралі тых, хто будзе ўдзельнічаць у Баркэмпе 2009. Пераважна гэта былі тыя, хто нешта зрабіў за гэты год: або запусціў свой праэкт, або напісаў свой сайт, які планаваў напісаць на мінулым Медыябаркэмпе...Ну і ўвогуле, па-першае, як я і сказаў, мы пазбягалі вялікай колькасці турыстаў, па-другое - гэта вельмі прыемны сюрпрыз, а па-трэцяе — гэты шлях да мора эмацыйна вельмі добра ўплывае на ўдзельнікаў і на атмасферу на мерапрыемстве".Еўрарадыё: Якія ў вас планы на наступны год?Аляксей Крывалап: "Я думаю, што Медыябаркэмп-2010 будзе. Адзінае, што мы пакуль не можам канкрэтна сказаць, ці ён таксама будзе ў Літве, ці, магчыма, ва Ўкраіне, ці, можа быць, нават у Беларусі".