Студэнт першага курса Маладзечанскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Анатоль Сіўко бліскуча выступіў на VI міжнародным конкурсе маладых оперных спевакоў імя Клаудіі Таэв, які прайшоў у эстонскім горадзе Пярну. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 30 выканаўцаў з Арменіі, Канады, Кітаю, Карэі, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, ЗША, Украіны, Фінляндыі, Эстоніі і Японіі.Старшыня журы, знакамітая польская оперная спявачка Тэрэса Зуліс-Гара ўручыла Анатолю другі прыз (першы не прысуджваўся). Разам з тым беларускі спявак заваяваў і права выконваць вядучую партыю ў адной з прафесійных оперных пастановак, якую мае здзейсніць на сцэнах Таліна і Пярну вядомы дзеяч культуры Эстоніі, мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестру "XXI стагоддзе" Эркі Пехк. Прыезд Анатоля Сіўко ў Эстонію дапамагло арганізаваць генеральнае консульства Беларусі ў Таліне. Гэта ўжо не першая перамога беларускіх выканаўцаў на міжнародных конкурсах, што праходзілі ў Эстоніі ў гэтым годзе. Так, лепшым у сваёй узроставай групе на міжнародным конкурсе юных піяністаў імя І.С.Баха ў Нарве стаў выхаванец Полацкай дзіцячай школы мастацтваў Мікіта Куляшоў. Салістка народнага тэатру песні і музыкі "Мархавім" пры ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск” Яна Курыленка заняла першае месца на III міжнародным конкурсе маладых эстрадных выканаўцаў "Песні Лаагны", а мінчанка Ірына Кучынская - на X Міжнародным конкурсе рускага старадаўняга рамансу імя І.Юр’евай у Таліне.
Паводле “БЕЛТА”