26 траўня на сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Вільні адбылася сустрэча, прысвечаная роду Луцкевічаў. На імпрэзе было як ніколі шмат людзей і па часе яна цягнулася больш як дзве з паловай гадзіны, што было выклікана прысутнасцю знакавага госця - Зянона Пазняка.Старшыня таварыства Хведар Нюнька адкрыў паседжанне кароткай прамовай пра Антона і Івана Луцкевічаў, далей з дакладам пра палітычную сітуацыю ў Беларусі выступіў студэнт 4 курса ЕГУ Артур Юдзіцкі. Пасля слова было перададзена гасцям: Зянону Пазняку (старшыні КХП БНФ), яго намесніку Сяргею Папкову і перакладчыку з беларускай на польскую мову Чэславу Сэнюху. Напрыканцы, слова ўзяў Старшыня Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, каторы выказаў сваю пашану Зянону Пазняку.У сваёй прамове Зянон Пазняк распавёў пра свой погляд на Ўсходняе Партнёрства і Беларусь, ён у чарговы раз выступіў з крытыкай беларускага апазіцыйнага бамонду і заклікаў да стварэння новай апазіцыі, якая б грунтавалася на нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасцях і была гатова дзейнічаць. Пазняк лічыць, што эканамічны крызіс - гэта толькі частка больш шырокага крызіса беларускай сістэмы. Гэтай сітуацыяй варта скарыстацца, каб яе змяніць.
Паводле сайту "westki.info"