У Варшаве выйшла кніга мовазнаўцы Міраслава Янкавяка "Беларускія гаворкі ў Латвіі ў Краслаўскім раёне. Сацыялінгвістычныя даследаванні". Кніга выдадзена на польскай мове і заснавана на даследаваннях Міраслава Янкавяка, прысвечаных беларускай мове, гісторыі і тоеснасці беларускай эміграцыі ў Латвіі.
Праект праводзіцца ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук. Праца над тэмай беларусаў у Латвіі пачалася ў кастрычніку 2003 года і працягваецца да сённяшняга дня.Трэба адзначыць, што апошні раз даследаванні беларускай мовы ў Латвіі праводзіліся ў 1977 годзе, але, за выключэннем "Слоўніка гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча", ні артыкулы, ні навуковыя манаграфіі не былі выдадзены, і тэма беларускіх гаворак ў Латвіі патрабавала падрабязнага апісання. Як заўважае сам Міраслаў Янкавяк, тэма беларускіх гаворак па-за межамі Беларусі (не толькі ў Латвіі, але і на Смаленшчыне ці Чарнігаўшчыне) увесь час з’яўляецца тэмай табу сярод мовазнаўцаў Беларусі.У сваёй кнізе Міраслаў Янкавяк апісвае не толькі сістэму беларускіх гаворак Латгаліі (фанетыку ці марфалогію), але паказвае працэс іх пераменаў на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, перш за ўсё ў кантэксце русіфікацыі і ўплыву польскай і балтыйскіх моваў на беларускую. Аўтар паказвае таксама сферы функцыянавання беларускіх гаворак у кантэксце шматмоўя і многанацыянальнасці Латгаліі. Кніжка з’яўляецца першай з планаванай серыі манаграфій пра беларускія гаворкі па-за межамі Беларусі.Пра аўтара:Міраслаў Янкавяк – мовазнаўца, культуролаг. Кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Выпускнік Кафедры беларускай філалогіі, а таксама Паланістыкі і Цэнтра ўсходніх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. У Інстытуце славістыкі ПАН займаецца беларускай эміграцыяй – мовай, тоеснасцю, гісторыяй.
Беларускія гаворкі ў Латвіі ў Краслаўскім раёне. Сацыялінгвістычныя даследаванні / Варшава 2009, 248С.Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"