Школа на ўскрайку горада

У пачатку 20 ст. унікальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю з’яўляліся беларускія гімназіі. Іх было няшмат, аднак яны закладвалі і развівалі традыцыі беларускай нацыянальнай школы. Адметнае месца сярод іншых займала Віленская прыватная гімназія, заснаваная І. Луцкевічам у лютым 1919 г.

Гімназія з’яўлялася 8-класнай навучальнай установай гуманістычнага тыпу. Па-беларуску спачатку выкладаліся ўсе прадметы толькі ў падрыхтоўчым, першым і другім класах. А старшакласнікі вучыліся на рускай мове (выключэнне складалі беларуская літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі). Паступова гімназія станавілася сапраўды нацыянальнай навучальнай установай. З 1924 г. усе дысцыпліны там выкладаліся па-беларуску. Павелічэнне колькасці дзяцей-беларусаў паскорыла працэс пераводу навучання на родную мову. Гімназія размяшчалася ў Базыльянскіх мурах, самым буйным беларускім асяродку ў Вільні. На пачатку існавання гімназіі разам з ёю дзейнічаў прытулак для дзяцей-сіротаў, настаўніцкія курсы. З гімназіяй звязаны імёны многіх выбітных беларусаў: у ёй выкладалі Максім Гарэцкі, Язэп Драздовіч, Барыс Кіт (працаваў дырэктарам у гады вайны), Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма (кіраваў хорам), Францішак Аляхновіч (у базыльянскіх мурах месцілася яго Беларуская драматычная майстроўня), Ігнат Дварчанін, вучылася паэтка Наталля Арсеннева. У 1944, закончыўшы навучальны год, гімназія спыніла сваё існаванне. І толькі праз 50 гадоў, ужо напрыканцы 20 ст., зноў з’явілася мажлівасць атрымліваць у Вільні адукацыю на беларускай мове – тутэйшыя беларусы арганізавалі школу імя Францішака Скарыны.“Школа стваралася намаганнямі мясцовых беларусаў, якіх аб’ядноўваў клуб “Сябрына,” – узгадвае дырэктар сп. Галіна Сівалава. – Спачатку ў нас была нядзельная школа, якой кіравала Алдона Папова. Першым запісаў у беларускую школу сваю дачку Марылю Сяргей Шупа, а за год мы назбіралі больш за 200 заяваў.” 1 верасня 1994 года ў Вільні пачала працаваць беларуская школа, але свайго памяшкання не было: два гады запар прытулак беларускім вучням давалі дзве рускія школы. Толькі праз два гады віленская мэрыя дала памяшканне – беларуская школа размясцілася ў будынку былога дзіцячага сада, дзе знаходзіцца і цяпер.
“Вы – выпускнікі адзінай і незвычайнай школы”, – сказала сёлетнім дванаццацікласнікам іх першая настаўніца сп. Валянціна Іванова. Сапраўды, гэта адзіная беларуская школа ў замежжы, дзе можна атрымаць адукацыю з першага па дванаццаты клас. “У Латвіі ёсць беларуская дзесяцігодка, у Польшчы таксама вывучаецца беларуская мова, але факультатыўна, – удакладняе Галіна Сівалава, – аднак мы адзіныя ў Еўразвязе, а, магчыма, і далей, хто дае поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове. – А ў хуткім часе школа атрымае статус гімназіі, разам з габрэйскай у Вільні і нямецкай у Клайпедзе.” Пасля гэтага ўсе жадаючыя вучыцца ў беларускай школе не з першага класа павінны будуць здаць уступныя экзамены. А такія жадаючыя, трэба думаць, знойдуцца. І не страшна, калі гэта будуць не толькі дзеці беларусаў.Выпускніца беларускай школы Марыя Дунаюце, скончыўшы яе ў 2000 годзе, і цяпер з цеплынёй узгадвае хатнюю атмасферу, утульнасць, індывідуальны падыход. А невялікая колькасць вучняў (спачатку ў класе было ўсяго чатыры чалавека) вельмі станоўча ўплывала на ўзровень адукацыі – застацца непадрыхтаваным проста не выпадала. На просьбу назваць самага выбітнага выкладчыка сп. Марыя не задумваючыся ўзгадала Сержука Вітушку. “Бясконца разумны чалавек. І які патрыёт! На ягоных уроках гісторыі мы слухалі раскрыўшы рты,” – успамінае сп. Марыя. І дадае: “Калі ў мяне будуць дзеці, я абавязкова прывяду іх у гэтую школу.”У Марыі Дунаюце, прынамсі, бабуля была з Беларусі, і гэта пакідае ў яе адчуванне сувязі з нашай краінай, а вось вучаніца 7-га класа Насця, з якой мы размаўлялі, з рускай сям’і, ніякага дачынення да Беларусі не мае і ў беларускую школу прыйшла вучыцца таму, што сяброўка распавяла “якая гэта класная школа”. І ніколькі аб гэтым не шкадуе, а беларускую мову вывучае як родную. Акрамя роднай мовы ў школе выкладаюць дзяржаўную – то бок літоўскую, рускую і англійскую мовы. І ўсе спраўляюцца. І ніхто з вучняў, з якімі мы размаўлялі, не скардзіўся, што цяжка вучыцца па-беларуску. Затое пра цяжкасці з “моўным пытаннем” ўзгадала дырэктар школы Галіна Сівалава:– Адна з галоўных цяжкасцяў для нас, – кажа сп. Галіна, – навучыць дзяцей прыгожай мове. Хацелася б завезці вучняў куды ў вёску, у горад, дзе б яны пачулі жывую, мілагучную мову. Як гэта, прыкладам, у літоўцаў, якія прыязджаюць з Масквы і дзеці чуюць прыгожую мову. У нас жа і фінансавыя магчымасці не тыя, ды і знайсці на Беларусі такую школу не проста. Хутчэй да нас прыязджаюць і дзівяцца, як цудоўна нашыя дзеці размаўляюць па-беларуску.Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што хвароба русіфікацыі, характэрная беларускаму грамадству, не абмінула і беларускую школу ў Вільні. І памыляецца той, хто думае, што школа гэтая – рэзервацыя чысцюткай беларускай мовы і культуры. Зрэшты, цяжка сказаць, наколькі гэта ўвогуле магчыма, улічваючы, што многія з вучняў упершыню чуюць беларускую мову толькі прыйшоўшы ў школу. І не абавязкова ў першы клас. Але ж і адмаўляць такім жадаючым не выпадае: па дадзеных Міністэрства адукацыі Літвы напаўняльнасць класаў павінна быць не менш за 15 чалавек. А ў школе цяпер на 12 класаў усяго каля 150 навучэнцаў. Вось калі вучань не справіцца з засваеннем матэрыяла, што выкладаецца па-беларуску, яму прыйдзецца шукаць іншую школу.
Выпускнікі Віленскай беларускай школы сажаюць дрэва. 15 траўня 2009 года.
Выпускнікі па школьнай традыцыі саджаюць дрэва. 15 траўня 2009 года.
На пытанне пра нацыянальны склад вучняў дырэктар патлумачыла, што па законах Літоўскай рэспублікі і Еўразвязу школа не мае права адбіраць вучняў па нацыянальнай прыкмеце, таму сярод іх ёсць дзеці са змешаных сем’яў, а ёсць і зусім не звязаныя з Беларуссю. Зразумела, перавага аддаецца беларусам.
Віленская беларуская школа. 15 траўня 2009 года.

– Усе нашыя вучні – вельмі разумныя, – хваліцца дырэктар школы. – Цяперашні адзінаццаты клас – увогуле, адныя таленты: і малююць, і керамікай захапляюцца (у школе ёсць керамічная майстэрня – аўт.), і дызайнам займаюцца, удзельнічалі ў міжнароднай экалагічнай канферэнцыі. Але ж і працаваць з таленавітымі дзецьмі ой як няпроста.Вучні і іх бацькі разумеюць незвычайнасць школы і дзеля яе гатовыя мірыцца з пэўнымі нязручнасцямі: школа знаходзіцца далёка не ў цэнтры Вільні, і не ўсім вучням да яе зручна дабірацца. Асабліва тым, хто жыве ў прыгарадзе. Але гэта акалічнасць не пужае нават бацькоў першакласнікаў: ужо цяпер вядомыя 16 дзетак, якія прыйдуць у першы клас беларускай школы ў наступным навучальным годзе.

Паводле сайту "svabodaby.net"