14 траўня, у дзень гадавіны рэферэндума 1995 года ў Беларусі, у Амстэрдаме (Нідэрланды) прайшоў паказ двух фільмаў пра Беларусь. Паказ быў арганізаваны амстэрдамскай студэнцкай групай “Міжнароднай Амністыі” і прайшоў у памяшканні Міжнароднай гуманітарнай школы пры Амстэрдамскім ўніверсітэце.Першым нумарам праграмы стаў фільм “Урокі беларускай” Міраслава Дзембіньскага (Польшча). Гэты фільм распавядае пра падзеі 2006 года ў Беларусі вачыма моладзевага актывіста Франака Вячоркі.Затым адбыўся паказ дакументальнага фільма «Can I get a Right?» нямецкага рэжысёра Себасцьяна Хайнцэля. Карціна распавядае пра акцыю “Міжнароднай Амністыі” у абарону правоў чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2006 года. Дваццаць добраахвотнікаў стартавалі ў Амстэрдаме і за 10 дзён перасеклі аўтастопам усю Заходнюю Еўропу. Падчас прыпынкаў у розных гарадах актывісты “Міжнароднай Амністыі” праводзілі акцыі з мэтай прыцягнення увагі да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Акцыя завершылася ў Беластоку, але двое яе ўдзельнікаў прынялі рашэнне паехаць у Мінск. 19 сакавіка, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, яны прынялі ўдзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.Пасля дэманстрацыі кінастужак гледачы атрымалі магчымасць задаць пытанні пра сіуацыю ў Беларусі прадстаўніку грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”.
Паводле сайта “www.ciwr.org”