Кніга вядомага беларускага паэта-лацініста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага выдадзена ў Італіі. Надрукавана кніга на спецыяльнай паперы і амаль уручную прашыта.Новае выданне паэмы нашага земляка выйшла ў свет у Італіі. Гэта вялікая сумесная праца беларускага мастака Юрыя Якавенкі, які зрабіў малюнкі да кнігі, і вядомага італьянскага майстра-друкара Джуліяна Якамучы. Работа над выданнем працягвалася каля двух гадоў.“Песню пра зубра” беларускі паэт-лацініст эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі стварыў, калі быў у Італіі, для Папы Льва X, які хацеў больш даведацца пра зубра і паляванне на яго. Але, безумоўна, гэты твор — і пра беларусаў, пра іх заняткі, звычаі, вераванні. А патрапіў наш зямляк у Рым у 1520 годзе ў складзе дыпламатычнай місіі і правёў там некалькі гадоў.Спачатку выдаць паэму ў Італіі ў Гусоўскага не атрымалася. Аднак дзякуючы дапамозе вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорца паэтычны зборнік “Песня пра зубра” выйшаў у Кракаве. І вось цяпер, праз пяць стагоддзяў, тая гісторыя атрымала працяг. Дарэчы, цяпер выканана і жаданне Міколы Гусоўскага, каб з кнігай пазнаёміўся Папа Рымскі: новае выданне перададзена ў Ватыкан.У Беларусі рарытэтнае выданне паэмы атрымалі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Паводле "Голаса Радзімы"