— Мы прыйшлі сюды, бо мы неабыякавыя, хочам, каб Беларусь была часткай Еўропы, — сказала адна з удзельніц беларускай дэлегацыі з вялізнымі нацыянальнымі штандарамі. — Мяне выгналі з Беларусі, таму я жыву тут, але ніколі не зракуся гэтага сцягу.
— Я не патрэбны сваёй Радзіме, я мусіў уцячы, — патлумачыў іншы сцяганосец. — Цяпер я тут вучуся.Арганізатары акцыі сцвярджаюць, што Шуманаўскі парад — адзінае такое шэсце, якое сапраўды не супраць, а за — пазітыўнае і аптымістычнае. Яно замыкае сабой цыкл навукова-папулярных і грамадска-культурных мерапрыемстваў, што адбываецца ў межах праграмы Польскіх Еўрапейскіх Сустрэч.
Адная з асноўных мэтаў грандыёзнага Шуманаўскага шэсця — заахвочванне насельніцтва да ўдзелу ў выбарах у Еўрапарламент, якія маюць адбыцца ўжо 7 чэрвеня, і якія цікавяць грамадства куды менш, чым выбары нацыянальныя. Адмыслова для гэтага 9 траўня ў цэнтры Варшавы былі адчыненыя спецыяльныя пункты прэ-галасавання, дзе ўдзельнікі шэсця маглі пакінуць папярэдні голас за пэўную партыю. Матываваць людзей да галасавання польская дзяржава вырашыла простымі і дзейнымі спосабамі — вялікімі кавалкамі крэмавага торта, падарункавымі торбамі і парасонамі.
— На самі выбары я, мабыць, і не пайду, — кажа пенсіянер у чарзе па прэ-бюлетэнь. — Там жа ніхто нічога не падорыць.Відаць, спадзевы на тое, што палякі па ўласным жаданні пацягнуцца выбіраць еўрапарламентараў, сапраўды нікчэмныя, бо на галоўную сцэну святкавання вывелі самую «цяжкую артылерыю». З заклікам да нацыі паўдзельнічаць у стварэнні агульнай еўрабудучыні выйшаў Тадэвуш Мазавецкі — першы дэмакратычны прэм’ер Польшчы, ікона «Салідарнасці», апазіцыйны актывіст савецкіх часоў. Ён быў названы ганаровым госцем параду. У якасці сувеніру яму дастаўся польскі сцяг, на якім распісваліся ўдзельнікі маршу.