У эмігранцкім асяродку беларусаў нарадзілася ідэя сумясціць заняткі спортам і асветніцкую дзейнасць. Ініцыятары акцыі «Пыхцім за Беларусь!» прапануюць беларусам па ўсім свеце заняцца ранішнімі прабежкамі, паралельна распавядаючы на камеру пра дзівосы тых мясцінаў, дзе яны ўжо пабывалі. Ідэя віртуальна бегаць разам нарадзілася ў Сяргея Сматрычэнкі (Вена) і Тацяны Нядбай (Люблін). Пасля яе развіў літаратар Віталь Воранаў, які зараз жыве ў чэшскім горадзе Брно. Віталь дадумаў назву акцыі і прапанаваў наваяўленым бегунам дзяліцца ўражаннямі праз Сеціва. Як паведамляюць арганізатары, акцыю ўжо падтрымалі такія гарады, як Варшава, Вена, Брно, Люблін і Мінск. Як адзначае Віталь Воранаў, галоўная фішка акцыі — «пасля супольнай прабежкі паказаць, апавесці сябрам, што ты бачыў, па якой трасе бег, якое было надвор’е, і што ўразіла. У выніку атрымліваецца, быццам вы сапраўды бегаеце разам. Апроч таго, бег становіцца не толькі спортам, а яшчэ сацыяльным і пазнавальным мерапрыемствам». «Нашы прабежкі не маюць прымусовай формы: адзін чалавек можа прабегчы 500 метраў, а другі — трасу маратону. Галоўнае - падзяліцца пасля ўражаннямі. Праз ЖЖ ці іншую кантактную пляцоўку, на якой можна выкладаць фота, відэа, можна нават запісваць на дыктафон. Акрэсленай формы няма, і ў гэтым увесь цымус ініцыятывы. Неакрэсленасць стымулюе крэатыўнасць», — дадае Віталь Воранаў.
Віталь Воранаў ужо выклаў у Сеціве невялічкі аповед пра вілу Тугендхат у Чэхіі. «Мы не чакаем, што акцыя выльецца ў масы і заўтра па вуліцах Беларусі і замежжа будуць бегаць тысячы людзей з фотакамерамі. Лепш гэта будзе меншая, але адданая і творчая група сяброў». У час наступнай прабежкі Віталь Воранаў плануе забегчы ў замак Шпільбэрг у Брно, а таксама да прорвы Мацоха. «Усё, што пабачу я, пабачыце і вы», — абяцае літаратар. Каб далучыцца да акцыі, яе ініцыятары прапануюць рабіць прабежкі па цікавых мясцінах кожную нядзелю ў 7 гадзін цэнтральнаеўрапейскага часу (8 гадзін беларускага).
Паводле сайта “Generation.by”