Папа Рымскі карануе заступніцу Браслава
У жніўні Папа Рымскі афіцыйна аб’явіць свету , што Дзева Марыя цудоўным чынам з’яўляецца валадаркай беларускага азёрнага краю. У Беларусі гэта сёмы выпадак ускладання папскіх карон.21-22 жніўня ў Браславе адбудзецца вялікае свята– каранацыя іконы Маці Божай Браслаўскай Папскімі каронамі. Тымі ж днямі Віцебская каталіцкая епархія адзначыць першае дзесяцігоддзе свайго стварэння.Каранацыя “Валадаркі азёр” будзе сёмым выпадкам ускладання Папскіх карон на цудатворныя абразы ў рымска-каталіцкіх храмах у Беларусі і упершыню - на Віцебшчыне.У легендзе пра паходжанне Браслаўскай мадонны расказваецца, што на востраве Неспіш стаяў драўляны манастыр.і 21 жніўня 1832 гэты манастыр загарэўся ад маланкі. Агонь знішчыў усе збудаванні на востраве.Праз некалькі дзён на суседнім востраве цудоўным чынам з’явілася і прыцягнула ўвагу людзей ікона Божай маці, якая была галоўнай святыняй манастыра, што згарэў. Суадносна з легендай, веруючыя вырашылі перанесці ікону ў касцёл у Браславе. Але атрымалася гэта зрабіць не адразу. Удзень ікону пакідалі ў алтары, а калі раніцай адчынялі касцёл, то яе там не было. І кожны раз ікону знаходзілі на востраве. Спрабавалі прыхаджане хрэсным ходам вярнуць ікону, неслі яе на руках і дзяўчаты, і малыя дзеці, але нічога не атрымлівалася. Потым хтосьці параіў, каб ікону занеслі злодзеі, каторыя пакаяліся. Прывялі іх з турмы, яны доўга прасілі прабачэння і заступніцтва, прынялі веру. З той пары ікона захоўваецца ў Браслаўскім касцёле.Вось ужо 177 год ікона Маці Божай Браслаўскай дарыць людзям свае ласкі. Вядомыя дзесяткі прыкладаў выратавання тых, хто з апошняй надзеяй звярнуўся па яе дапамогу. У касцёле ля іконы ў вітрыне захоўваюцца так званыя воты – ахвяраванні з каштоўнасцяў за заступніцтва і дапамогу.У сакавіку гэтага года Папа Рымскі Бенедыкт XYI блаславіў кароны для браслаўскай іконы. Плануецца, што 22 жніўня ўрачыстую літургію будзе весці нямецкі біскуп Кёльнскі кардынал Іахім Мейснер. Напярэдадні пройдзе Дзень культур. У Браслаў з’едуцца пілігрымы з усёй Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі. У набажэнстве прымуць удзел клерыкі Віцебскай дыяцэзіі, якія вучацца ў Пінску, Беластоку, Гнезна, Тарнаве (Польшча) і П’ячэнцы (Італія). Спецыяльна да ўрачыстасці аб’яднаны хор Віцебшчыны рыхтуе месу Моцарта і іншыя літургічныя спевы.“Каранаванне Папскімі каронамі будзе афіцыйным пацвярджэннем і прызнаннем светам таго факта, што Браслаў з’яўляецца цэнтральным месцам шанавання Дзевы Марыі, марыінага культу на Віцебшчыне,” — гаворыць памочнік пробашча касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Браславе Тадэвуш Дабравольскі. Такім чынам, карона з’яўляецца сімвалам вялікай пашаны.Паводле сайта "Regionby.org" і “Народнай газеты” (№78(4993))