У міжнародныя каледжы прыняты новыя навучэнцы з Беларусі

У розных кутках нашай планеты існуюць непаўторныя па сваёй адметнасці адукацыйныя ўстановы – 12 Каледжаў міжнароднай супольнасці (United World Colleges, UWC). Сёлета ў іх залічваюць каля 1200 дзяўчын і юнакоў з усяго свету. Напрыканцы красавіка вызначаны беларускія навучэнцы.З пачатку вясны конкурсны камітэт збіраў дакументы і пісьмовыя працы ад старшакласнікаў. Для нашай краіны выдзелены два месцы. Днямі адбылося сумоўе з фіналістамі, і вось названы імёны тых, хто з верасня пачне навучацца ў гэтых каледжах: Марыя Пупко з Заслаўя і Максім Карповіч з Навагрудка.Марыя распавяла, што даведалася пра конкурс у апошні дзень падачы заяваў, ад сваёй сястры-студэнткі. Хутка сабрала дакументы і напісала эсэ.“За месяц, які заставаўся да фіналу, шмат чытала. А сумоўе аказалася настолькі цікавым, што, калі выйшла адтуль, то хацелася вярнуцца. Увечары мне паведамілі: я паступіла, і эмоцыі не перадаць словамі. Лічу, што гэта падарунак лёсу,” – гаворыць дзяўчына.У сваёй школе Марыя па ўласнай ініцыятыве выдае газету. У будучыні яна мяркуе стаць журналісткай. Навучацца яна будзе ў Адрыятычным каледжы ў Італіі.А Максім накіруецца ў Нарвегію, дзе знаходзіцца Паўночны міжнародны каледж.“Пра UWC я добра ведаю ад тых, хто там вучыцца ці ўжо закончыў. Гэта мае сябры па Маладзёвым еўрапейскім парламенце. Паступіць у такі каледж было маёй марай, таму шмат рыхтаваўся, і летась таксама ўдзельнічаў у конкурсе, “– кажа ён.Расказвае старшыня беларускага конкурснага камітэту Уладзімір Колас: “ У фінал былі запрошаны 25 абітурыентаў. Важныя крытэрыі пры адборы: яскравасць асобы, лідэрскія якасці і моцны характар. На жаль, многія канкурсанты мала ведаюць пра беларускую гісторыю, пра нашых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў. Прызёрам жадаю хутка знайсці сваё месца ў новым калектыве, які будзе складацца з лідэраў, і паспяхова прадстаўляць там нашу краіну.”Марыя і Максім атрымаюць стыпендыі на поўнае фінансаванне навучання. Праз два гады выпускнікі міжнародных каледжаў маюць магчымасць паступіць ва універсітэты краін, дзе ёсць сусветна вядомыя адукацыйныя цэнтры.Паводле "Белорусских региональных новостей"