Імпрэза, прысвечаная ўгодкам Чарнобыльскай катастрофы, адбылася ў ТБК у Вільні (Літва).

У апошнюю суботу красавіка ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылася імпрэза, прысвечаная чарговым угодкам  Чарнобыльскай трагедыі. Прайшло 23 гады з таго дня, а боль не сціхае, і наступствы яе яшчэ будуць адчуваць не адно пакаленне. Пра чарнобыльскую трагедыю расказаў чалец ТБК Андрусь Старавойтаў, ён тады жыў у Хойніках , і як сведка бачыў, як радыяцыя ўздзейнічала на здароўе людзей. Чарніцы выраслі як слівы, у той год было вельмі шмат белых грыбоў, і ніхто не ведаў, што дары лесу нельга ўжываць у ежу. Выступленне Андруся Старавойтава змястоўна дапоўніў журналіст  Ёнас Лаўрынавічус, Леакадзія Мілаш. Мы сёння больш дасведчаныя - у кастрычніку ў Вільні прайшла канферэнцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыля, пад патранажам прафесара Юрыя Бандажэўскага. Ён некалькі разоў выступаў і ў ТБК. Даклады канферэнцыі выдадзены асобным зборнікам. Чарнобыльская тэма вызвала шмат дыскусій, у сувязі з тым, што напрыканцы мінулага году ўлады Беларусі агучылі рашэнне будаваць АЭС на   Астравеччыне. Сваё рашэнне пра будаўніцтва АЭС у запаведніку "Блакітных азёр" выказала і ТБК.У другой частцы мерапрыемства быў паказаны чарговы фільм Уладзіміра Коласа "Дзённік". Прысутным аб задуме і працы над фільмам распавёў аўтар і рэжысёр У.Колас. З канцэртнай праграмай перад прысутнымі выступіла самая маленькая ўдзельніца Ксенія Мілаш.За кубкам гарбаты яшчэ доўга працягвалася абмеркаванне Чарнобыльскай тэмы, бо чорная пляма Чарнобыля ляжыць не толькі на Беларусі, але і на сэрцах многіх беларусаў, куды б іх лёс не закінуў. Гэтым разам адзначылі і чарговыя ўгодкі з дня нараджэння аднаго з актыўных чальцоў ТБК Фаіны Радзюкевіч.Леакадзія Мілаш. Літва