Навіны нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусь" у рэспубліцы Комі

25 красавіка адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у рэспубліцы Комі. Падчас канферэнцыі былі падведзеныя вынікі працы аўтаноміі за 3 гады. Быў абраны новы склад савета аўтаноміі. На пасаду старшыні быў пераабраны Крупенька Аркадзь Сцяпанавіч. Па словах самога Аркадзя Сцяпанавіча, ён планаваў саступіць пасаду старшыні каму-небудзь маладзейшаму, але атрымалася так, што яго абралі другі раз. Што тычыцца складу кіраўніцтва, то яно было адноўленае прыкладна напалову. “Гэта звязана з тым, што некаторыя людзі з’ехалі, некаторыя не змаглі працягваць сваю дзейнасць па стане здароўя. Да таго ж мы стараліся абраць ў кіраўніцтва самых актыўных людзей, тых, хто найлепш праявіў сябе за гэтыя тры гады”, - расказвае Аркадзь Сцяпанавіч.На канферэнцыі быў зачытаны ўказ міністра культуры Расіі пра наданне звання “народнага” хору, які існуе пры нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусь» ужо 10 год. Гэтаму папярэднічала вельмі вялікая падрыхтоўчая праца, якая вялася на працягу некалькіх гадоў. Кульмінацыйным момантам гэтай працы стаў справаздачны канцэрт, які атрымаў пазітыўную адзнаку журы, у склад якога уваходзілі прадстаўнікі міністэрства культуры Расіі. Трэба адзначыць таксама, што сам Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька ў лютым 2008 году быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.Таксама ў часе канферэнцыі былі вызначаныя задачы аўтаноміі на бліжэйшыя некалькі год: весці актыўную дзейнасць па пашырэнні беларускай культуры, пашыраць сувязі і формы супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Комі і ў Расіі ўвогуле, працягваць супрацоўніцтва з беларускімі грамадскімі аб’яднаннямі, у тым ліку і з МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, а таксама з пасольствам Беларусі ў Расіі. Яшчэ адна немалаважная задача – прыцягваць да супрацы як мага болей моладзі, бо “на дадзены момант, на жаль, моладзь не так актыўна удзельнічае у жыцці аўтаноміі, як нам бы хацелася”, - гаворыць Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька.Што тычыцца бліжэйшых планаў, то найперш трэба сказаць, пра тое, што па замове нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” былі зроблены спецыяльныя медалі, прымеркаваныя да 65-годдзя вызвалення Беларусі. Медалі будуць уручаны жыхарам рэспублікі Комі, каторыя ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уручэнне пачнецца у ліпені гэтага году пасля правядзення адмысловага збору нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” і хутчэй за ўсё працягнецца яшчэ і ў наступным годзе.Аным з найбольш цікавых праектаў, каторыя плануецца ажыццявіць бліжэйшым часам, будзе стварэнне “Беларускай сядзібы” у межах будаўніцтва “Нацыянальная вёскі” у Сыктыўкары. Рашэнне пра стварэнне Нацыянальнай вёскі было прынятае ў кастрычніку 2008 году на сустрэчы кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў рэспублікі Комі з мэрам Сыктыўкара. Нацыянальная вёска будзе размяшчацца ў Мічурынскім парку ў Сыктыўкары, дзе для рэалізацыі гэтай ідэі было выдзелена 15 зямельных участкаў, адзін з каторых і будзе займаць беларуская сядзіба.  Таксама, Аркадзь Сцяпанавіч расказаў пра тое, што 24 красавіка нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” удзельнічала ў “Выставе падворкаў”. Па словах Аркадзя Сцяпанавіча, мерапрыемства прайшло вельмі добра. Беларускі падворак прыцягнуў вялікую ўвагу наведвальнікаў выставы і прадстаўнікоў СМІ. Там можна было убачыць шмат фотаматэрыялаў па гісторыі Беларусі, мастацкія вырабы, беларускія сувеніры, нацыянальныя беларускія строі, а таксама пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Апроч усяго вышэй названага, нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” плануе праводзіць ужо стаўшыя традыцыйнымі тэматычныя вечарыны «Беларуская сям’я на Поўначы», «Як мы ведаем сваю Беларусь», месячнік беларускага кіно, свята ўраджаю «Дажынкі». У канцы траўня плануецца зладзіць сустрэчу з першым беларускім касманаўтам Пятром Клімуком.Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”