Еўрапейскі след або пра тое, якія цікавыя для Беларусі каштоўнасці “усплываюць” за мяжой

У пачатку красавіка невядомы дагэтуль ліст Адама Міцкевіча выстаўляўся на аўкцыёне ў Кракаве. Нягледзячы на тое, што аўтограф пісьменніка на французскай мове, а сам паэт лічыцца польскім класікам, усё ж ён — ураджэнец Беларусі. І гэта змушае пільней прыгледзецца да таргоў на еўрапейскіх рынках антыкварыяту.Дарэчы, пакупнік “на Міцкевіча” знайшоўся адразу. Прозвішча свайго ён не назваў. Вядома толькі, што жыве ён на паўночным усходзе Польшчы, не надта далёка ад Беларусі. Першапачатковы кошт гістарычнага помніка складаў у пераліку на беларускія рублі 17 мільёнаў, але ў выніку таргоў павялічыўся ў пяць разоў. На шчасце, перад перадачай ліста новаму ўладальніку былі апублікаваны яго змест і выява. Літс датаваны некаторымі спецыялістамі лістападам-снежнем 1842 года, ён адрасаваны  да гісторыка Жуля Мішле, з якім вялікі Адам разам працаваў у парыжскім Калеж дэ Франс, выкладаючы там славянскія мовы і літаратуры. У сваім пасланні паэт шкадуе, што не можа вярнуцца да педагагічнай дзейнасці ў каледжы, бо доктар прапісаў яму яшчэ дзесяць дзён быць у ложку.Аўтографы Міцкевіча сёння ў асноўным захоўваюцца ў дзяржаўных бібліятэках і архівах Польшчы. У Беларусі рукапісаў пісьменніка няма, як няма і многіх іншых рарытэтаў, якія маюць беларускае паходжанне.Так, летась у Варшаве на аўкцыёне “Лямус” была прададзена гравюра 1568 года з краявідам Гродна. Рэдкая выява, арыгіналаў якой ні ў Гродне, ні ў Мінску няма, была набыта Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы за 44 тысячы долараў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адзін беларускі бізнесмен меў намер купіць твор мастацтва і перадаць яго ў дар Радзіме, але яму не хапіла грошай.Яшчэ раней, у красавіку 2007 года, у Варшаве на інтэрнэт-аўкцыёне allegro.pl быў прададзены фрагмент вядомага метэарыта “Брагін”. Гэта даволі рэдкі від метэарыта, аскепкі якога з пачатку XIX стагоддзя знаходзілі ў ваколіцах Брагіна, што на Гомельшчыне. Вядомы ўсяго 13 экземпляраў касмічнага каменя, апошні з іх знойдзены ў 1968 годзе. Але як унікальная рэч трапіла за мяжу — пытанне, на якое не можа даць адказу пакуль ніхто са спецыялістаў. Вядома толькі, што ў час Другой сусветнай вайны нешта маглі вывезці з тэрыторыі Беларусі нямецкія акупанты. Дарэчы, многія рарытэты ў Еўропе выплываюць на аўкцыёнах як вынікі ваенных рабункаў. Дагэтуль застаецца загадкай, напрыклад, з’яўленне на таргах кніг Францыска Скарыны. У снежні 1996 года на лонданскім аўкцыёне “Крыстыс” беларусы, якія жывуць у Вялікабрытаніі, набылі для тамтэйшай Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны пяць кніг “Бібліі рускай”, выдадзеных асветнікам у Празе напачатку XVI стагоддзя. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве дырэктара бібліятэкі айца Аляксандра Надсана. Ён жа ў 1975 годзе на таргах у Монтэ-Карла выкупіў з прыватных рук фрагмент біблейскай “Кнігі царстваў”, выдадзенай Скарынам. Тым часам у Мінску няма пакуль ніводнага поўнага камплекта “друкаў” Францыска Скарыны.Найбольш актуальная сёння задача для Беларусі — пошук і вяртанне слуцкіх паясоў, некаторыя з якіх захоўваюцца ў Расіі, Польшчы. Таксама ў сувязі з рэстаўрацыяй Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу Радзівілаў паўстала асабліва востра пытанне аздаблення адноўленых пакояў арыгінальнай мэбляй, іншымі прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цалкам магчыма, некаторыя рэчы з радзівілаўскага палаца “выплывуць” за мяжой. Паводле “Голаса Радзімы”