У сярэдзіне красавіка 2009 году ў памяшканні пасольства Узбекістана ў Маскве прайшоў арганізацыйны збор “Асацыяцыя грамадзкіх арганізацый, якія аб’ядноўваюць выхадцаў з Беларусі ў Маскве і вобласці”.
У склад асацыяцыі будуць уваходзіць такія арганізацыі, як гарадская арганізацыя “Беларускае зямляцтва”, нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, Маскоўскі клуб беларусаў, беларускае зямляцтва МГИМО, беларускія моладзевыя арганізацыі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта і Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, аб’яднанне беларусаў Масквы «Бацькаўшчына», міжнародная грамадская арганізацыя “Славянский круг” ды іншыя беларускія арганізацыі Масквы і Маскоўскай вобласці.Падчас збору быў прыняты статут асацыяцыі, а таксама важнейшыя рашэнні па дзейнасці асацыяцыі. Так, было вырашана, што афіцыйным друкаваным органам асацыяцыі будзе газета “Сябры” (выдаецца Міжнароднай асацыяцыяй дзелавых людзей “Сябры”), афіцыйным сайтам, дзе будуць выстаўляцца навіны асацыяцыі, будзе сайт нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”. Таксама было прынята рашэнне пра кіраўніцтва асацыяцыі. Адзінага кіраўніка асацыяцыі не будзе, замест гэтага былі прызначаныя тры сустаршыні: Алег Кандыба (прэзідэнт Маскоўскага клуба беларусаў, Міжнароднай асацыяцыі дзелавых людзей «Сябры»), Сяргей Кандыбовіч (старшыня рады НКА “Беларусы Масквы”) і Рыгор Казак (кіраўнік гарадской арганізацыі “Беларускае зямляцтва”). Кіраўнікі астатніх арганізацый-членаў асацыяцыі будуць уваходзіць у склад Савета асацыяцыі.Былі вызначаны мэты асацыяцыі:- Інтэграцыя ўсіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расіі і каардынацыя іх дзеянняў;- Аказанне інфармацыйнай, юрыдычнай, сацыяльнай дапамогі ўсім беларусам, каторыя пражываюць у Расіі;- Садзейнічанне ўсталяванню больш цесных эканамічных і культурных сувязяў паміж Беларуссю і Расіяй;- Пашырэнне беларускай культуры і беларускіх традыцый;- Дзейнасць па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку дапамога ў рэканструкцыі беларускіх храмаў і іншых помнікаў архітэктуры.Усе важнейшыя мерапрыемствы, запланаваныя арганізацыямі, каторыя уваходзяць у склад асацыяцыі, будуць уключаны ў агульны план мерапрыемстваў асацыяцыі. Так, запланавана праводзіць святкаванні Новага году, народнага свята “Купалле”, дня вызвалення Беларусі 3 ліпеня, правесці дзень шашлычніка, дзень лыжні, свята вады і іншыя мерапрыемствы.У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны зварот да МГА “ЗБС "Бацькаўшчына” з нагоды правядзення V з’езда беларусаў свету. Таксама запланавана падрыхтаваць зварот да прэзідэнта А.Г. Лукашэнка з просьбай паскорыць стварэнне заканадаўчай базы, якая б рэгулявала правы беларусаў, каторыя жывуць за мяжой. Па словах аднаго з кіраўнікоў асацыяцыі Кандыба Алега, беларусы, што жывуць за мяжой павінны адчуваць, што дзе б яны ні знаходзіліся, у любы момант можна вярнуцца на радзіму без ніякіх праблем. Для гэтага павінна існаваць пэўная заканадаўчая база, добра было б увесці ў дзеянне спецыяльны дакумент такі, як, напрыклад, карта паляка ў Польшчы. Таксама ў звароце будзе ўзнята пытанне пра рэабілітацыю свята 25 сакавіка. “Усё ж такі гэты дзень быў у гісторыі Беларусі, і таму не трэба яго замоўчваць, трэба ведаць, што тады адбылося і ганарыцца гэтым днём,” – гаворыць спадар Кандыба.Што тычыцца афіцыйнай рэгістрацыі“Асацыяцыя грамадзкіх арганізацый, якія аб’ядноўваюць выхадцаў з Беларусі ў Маскве і вобласці”, то гэтае пытанне будзе абмеркавана падчас устаноўчай канферэнцыі, каторая павінна адбыцца ў канцы мая – пачатку чэрвеня. Па словах Алега Кандыбы, вострай неабходнасці ў рэгістрацыі асацыяцыі няма, бо ўсе арганізацыі, якія уваходзяць у яе склад, афіцыйна зарэгістраваныя і фінансуюцца ў асноўным за кошт членскіх унёскаў.На здымку злева направа: С. Кандыбовіч, А. Кандыба, Р. Казак