Калі вы ў прысутнасці ізраільцяніна ўжо паспелі па старой савецкай завядзёнцы рэкнуць, што сталіца Ізраілю Тэль-Авіў, а не Ерусалім (чым абавязкова пакрыўдзілі суразмоўца), дык сітуацыю можна выправіць, дадаўшы, што вы мелі на ўвазе сталіцу начнога жыцця і адпачынку.
Гэта святая праўда. Тамтэйшыя бары і дыскатэкі, гіпермаркеты і буцікі абслугоўваюць наведнікаў ад рана да рана. Часткова ў мэтах самарэкламы, але часткова і заслужана ў Тэль-Авіве культывуюць лозунг «горад без перапынку».горад без перапынку».1. Мястэчка Прымор’еМенавіта тэль-авіўскі бераг мора найбольш надзіць турыстаў, але першапачаткова Тэль-Авіў быў пабудаваны наагул спінай да мора: большасць вулак, дарма што сумежных, напрасткі не выходзіла да вады, і вокны глядзелі ў адваротным накірунку.Каб трошкі разумець такое непрыняцце тэль-авіўцамі выгоды свайго геаграфічнага становішча, трэба разумець, якія думкі кіравалі габрэйскімі пасяленцамі напачатку ХХ стагоддзя.Бабруйцы і бярдзічаўцы, якія заснавалі горад, найменш успаміналі пра турыстычныя выгоды: ахопленыя адраджэнскім імпэтам, яны прыехалі на Зямлю Ізраілю будаваць новае жыццё,адрознае ад свайго еўрапейскага досведу, зусім не маючы на мэце бавіцца ў шэзлонгах ля мора.Наагул кажучы, на пачатку ХХ стагоддзя горад не быў цэнтрам жыцця для габрэйскіх перасяленцаў: кібуц (сельскагаспадарчы кааператыў) было тое месца, дзе мусіў гадавацца новы габрэй, які ўмее і любіць працаваць на зямлі. У дадатак былыя жыхары беларускіх і сярэднеўкраінскіх мястэчак, роўнааддаленых ад усіх мораў, дык наагул не ведалі, як трэба з тым морам абыходзіцца і будавалі першыя кварталы Тэль-Авіва на свой, местачковы, капыл.2. Ах, Тэль-Авіў, жамчужына ля мора!Адзін з першых, хто спрычыніўся, каб Тэль-Авіў зрабіўся курортам, быў былы вучань валожынскай ешывы, нацыянальны габрэйскі паэт Хаім Нахман Бялік.У Тэль-Авіў ён прыбыў у 1924 г. пасля сваіх колькігадовых бадзянняў па свеце.Дарэчы, у 1921 Хаім-Нахман Бялік звяртаўся да ўладаў Беларускай Народнай Рэспублікі, каб яны паспрыялі выезду ягонай сям’і з Турцыі: дзеля гэтага ён нават атрымаў бэнээраўскае грамадзянства.У Тэль-Авіве Бяліка апанавала дваістае пачуццё. З аднаго боку яго захапіў урачысты прыём, дзе тэльавіўцы яго ўважалі за нацыянальнага паэта і нават пасялілі на вуліцы імя яго самаго. Але ў нязграбным гарадку Бялік, вялікі аматар багемных зборняў, не знайшоў ніводнай прыстойнай кавярні.Захаваўся публіцыстычны артыкул Бяліка, дзе ён гнеўна ганьбіць Тэль-Авіў. «У горадзе няма прамых вуліц, доўгіх праспектаў, якімі зазвычай ганарацца іншыя гарады, — пісаў Бялік. — Да таго ж, ёсць вялікая загана: з многіх вулак не відаць мора».Далей Бялік параўнаў вітрыны тэльавіўскіх крамаў з вітрынамі «маленькага польскага мястэчка», якія былі на ягоную думку «вынікам безгустоўнасці работнікаў крамы, якія ставяць на вітрыны ўсё-усялякае, без хоць якога эстэтычнага пачуцця».«Найвялікшай трагедыяй» у сваім артыкуле Бялік назваў адсутнасць у Тэль-Авіве сквераў.Мэтафарычна, як усякі паэт, Бялік выказаўся пра адсутнасць азелянення: «Якая ж гаротная тая жанчына, якая ўжо ў маладосці губляе свае валасы». І хай вас не бянтэжыць, што Бялік параўноўвае Тэль-Авіў з кабетай - на іўрыце слова «Тэль-Авіў» — жаночага роду. Далей Бялік ставіць перад тэльавіўцамі прыклад паўднёвай прыгажуні, Адэсы:з мноствам бульвараў і ўтульных сквераў, дзе дамы стаяць на даволі вялікай адлегласці адзін ад аднаго. Рэч у тым, што кінуўшы валожынскую ешыву, Бялік большасць свайго дарослага жыцця пражыў у «жамчужыне ля мора». І Тэль-Авіў будучыні яму бачыўся падобным менавіта да Адэсы.З лёгкай рукі Бяліка Тэль-Авіў пачаў мяняцца: да капіявання пацёмкінскіх сходаў справа, праўда, не дайшла, але былі зроблены выхады да мора, усталяваны шапікі, правобразы кавярняў, дзе можна было купіць газету і замовіць кавы. З’явіліся бульвары на адэскі манер.Пасля 1921 года было пабудаванае першае казіно і дзеля яго галоўная вуліца Аленбі была паступова перанакіравана ў бок мора.У 1924 адчыніўся першы пляж з душавымі. Пачаліся садзіць платаны на датуль амаль шэрых алеях. У 1936 з’явіўся порт, а ў 40-х месца ўздоўж пляжу месца для шпацыру.Нам цяперашнім, можа падасца, што адзін паэт не здольны памяняць аблічча гораду, але не забываемся, што для габрэйскіх пасяленцаў Бялік быў маральны аўтарытэт і меў вялікі ўплыў на габрэйскую супольнасць і ў шмат якіх іншых сферах жыцця.У дадатак на пачатку ХХ стагоддзя, часу нацыянальнага абуджэння, з вядомымі паэтамі раілся не толькі ў літаратурных пытаннях. Па-трэцяе, не забудзем іншых уплывовых ураджэнцаў Адэсы, што тады жылі ў Тэль-Авіве: Мэіра Дызэнгофа, першага мэра, вядомага палітыка Уладзіміра Жабатынскага — усе яны таксама часцяком публічна прызнаваліся ў сваім замілаванні да Адэсы і яе архітэктуры.3. Маленькі Берлін...З 30-х гадоў пачаўся нямецкі перыяд у жыцці гораду — прыехала вялікая хваля эміграцыі з Нямеччыны. Пакручасныя вулкі былі выпрастаныя, а архітэктары, выхадцы з Германіі, пачалі будаваць дамы ў мадэрновым стылі «Баўхаўс» і канструктывізму.4. ... і Нью-ЁркЦяпер у Тэль-Авіве вядзецца збольшага, як прадказваў Бялік. З аднаго боку, горад па-ранейшаму пакутуе на невыводную, неймаверную цеснасць: заціснуты з усіх бакоў гарадамі-спадарожнікамі, горад расце толькі за кошт ушчыльнення насельніцтва.У адной гумарыстычнай ізраільскай перадачы распавядаецца пра жыццё трох тэль-авіўскіх студэнтаў, якія здымаюць адну кухню на траіх, кладучыся спаць у кухонных шкафчыках і ў лядоўні. У дададак тэль-авіўцы мусяць змірыцца, што іх горад не самы чысты сярод ізраільскіх гарадоў. Але з іншага боку, Тэль-Авіў зрабіўся вядомым курортам, слушным месцам для пакупкі моднай вопраткі, ювелірных вырабаў і далікатэсаў. Горадам заканадаўцам тэатральнай моды. Тысячы турыстаў шпацыруюць па вуліцах, якія носяць імёны «адэскіх мудрацоў»: Бяліка, Жабатынскага і Дызенгофа.У іўрыце нават з’явіўся дзеяслоў «легіздангеф» — перакласці на беларускую можна як «прадэзінгофіцца»,няспешна прайсціся па вуліцы Дызенгоф, зазіраючы ў вітрыны, сябе паказаць і людзей паглядзець.Цяпер цэнтр Тэль-Авіва параўноўваюць з цэнтрам Нью-Ёрку: ён наводнены непрызнанымі геніямі: акторамі-пачаткоўцамі і канцэптуальнымі мастакамі, што ўвечары працуюць афіцыянтамі, абслугоўваючы больш паспяховых сваіх калегаў, каб удзень схадзіць на праслухвоўванне або ў мастацкую майстроўню, цярпліва чакаючы свайго шанца праславіцца. Як толькі ні называюць самі сабе насельнікі тэльавіўскіх кавярняў: «Пакаленне Капульскі» (паводле вядомага кавярні, дзе ўпадабалі бірацца літаратары), «пакаленне эспрэса». А сваё багемнае, адарванае ад блізкаўсходняй рэчаіснасці існаванне ў Тэль-Авіве самі ж мастакі і літаратары параўноўваюць з булдырком паветра, у які не пратачаецца трывожная рэальнасць, але разам з тым, той булдырок — з тонкімі сценкамі.5. Ахвяры іміджу: «Белавія» і сэкс-шопыА яшчэ Тэль-Авіў — сталіца начнога жыцця: шматлікія дыскатэкі і клубы. У канцы 90-х да росквіту тэль-авіўскіх гей-клубаў прыклалася транссэксуалка Дана Інтэрнэшнл, што перамагла на «Еўрабачанні». Ад іміджу начной сталіцы Ізраілю пацярпела нават беларуская авіякампанія «Белавія». У канцы 90-х артадаксальны габрэй, пэўна, не вытрымаўшы лішка колькасці сэкс-шопаў і дыскатэк на душу гарадскога насельніцтва, шпурнуў бутэльку з кактэйлем Молатава ў вітрыну сэкс-шопу на вуліцы Бэн-Егуда. Агонь шпарка пашырыўся ды з’еў прылеглыя крамы і офісы, у тым ліку тэльавіўскае прадстаўніцтва «Белавія», якое месцілася непадалёк.Паводле газеты «Ідыёт Ахранот», Тэль-Авіў зрабіўся горадам з «перадазіроўкай культуры і мастацтва», цынічным, хоць не зласмешным мегаполісам, што самастойна прыклаўся да стварэння ўласнага міфу і іміджу. Гэтае места, якое заўсёды хацела выглядаць «не раўнуючы як замежны горад»: як Адэса, як Берлін, як Нью-Ёрк, і, можа, таму якраз дзякуючы гэтаму для любога замежніка яно цяпер выглядае адметна і непаўторна, «не раўнуючы як Тэль-Авіў».П. С. Згубныя чары Тэль-Авіва прымусілі трохі загаварыцца нават ізраільскага прэзідэнта, Шымона Перэса. 4 красавіка перад публікай, якая сабралася святкаваць100-гадовы юбілей Тель-Авіва, прэзідэнт сказаў літаральна наступнае: «хоць сталеў я ў Ерусаліме, але рос у Тэль-Авіве».Мы ж ведаем, у якім Тэль-Авіве рос Шымон Перэс: у тым Тэль-Авіве, што знаходзіцца ў Менскай вобласці Валожынскага раёну і які называецца мястэчка Вішнева. Павал Касцюкевіч, "Наша Ніва"13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане