1 красавіка ў галерэі "Malingrad", адбылося адкрыццё персанальнай выставы Марка Максімовіча, гарадзенскага мастака, які жыве і працуе ў Познані. Марк Максімовіч заснавальнік, ужо неіснуючай, але славутай у багемным асяроддзі, майстроўні і галерэі "Марк Максімовіч Артэл'ер". У межах выставы прайшла таксама прэзентацыя выдання "Нявечны Каляндар", з выцінанкамі Марка Максімовіча. Ва ўступным слове гаспадыня галерэі, спадарыня Маліна Барвік, сказала што хоча, каб у сваёй галерэі заўжды прысутнічала шчырае мастацтва і таму да ўдзелу ў першай персанальнай выставе быў запрошаны менавіта Марк Максімовіч. Адкрыццё прыцягнула вялікую колькасць як гледачоў, так і мясцовых медыяў. Аўтар нават пажартаваў, што адчувае сябе як на ўручэнні Оскараў, а пасля на поўным сур’ёзе дадаў, што не зважаючы на вялікую працу пры падрыхтоўцы выставы, хацелася б зрабіць яе яшчэ лепшай і падзякаваў галерэі за аказаны гонар і гасціннасць. Падчас пачастунку белым і чырвоным віном госці абмяняліся ўражаннямі ад выстаўленых працаў, а таксама цікавіліся беларускай прысутнасцю ўпознаньскім культурным краявідзе. Працы Марка Максімовіча можна глядзець і набыць у галерэі "Malingrad" (вул. Chelmonskiego 15), да канца красавіка.
Беларускі культурна-асветніцкі цэнтар у Познані