Хрыстос уваскрос!

Дастойнаму святарству і вернікам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.“Вялік святы нам дзень настаў...” (з песні валачобнікаў)Сардэчна віншую вас, дарагія браты і сёстры, з вялікім святам Пасхі Хрыстовае! У гэтым свяце – сутнасць Хрысціянскае веры, бо дзякуючы Хрыстоваму Ўваскрасенню, мы атрымалі жыццё вечнае.Святы Кірыла Тураўскі, Беларускі Залатавусны, у сваім “...на Святую Пасху...казанні”, піша : “Усе ж мы вераю Боскае Пасхі прычасціліся, намажам вусны Божаю кроўю, што ёсць сутнасцю – духоўнаму дому дзвярмі, ды не падступяцца д'ябалы, што хочуць нас забіць грахом”.Ахвяраю Хрыста быў пераможаны грэх і адноўлены ў чалавеку вобраз Божы, і гэта, калі мы адкідаем свае заганы, дае нам моц у пераадольванні ўсялякіх штодзённых цяжкасцяў, веру ў перамогу дабра над злом.Таму мы павінны працаваць над духоўным багаццем свае душы і захоўваць яе ў чысціні. Тады зможам сапраўды цешыцца гэтаму святу супольна з усім светам, бачным і нябачным, адчуць радасць яднання з Богам, угледзець у Ім крыніцу праўды і свабоды, якія збавяць нас.Святкуючы гэтае свята над святамі, мы, як і калісьці нашы дзяды, думаем і аб уваскрасенні Беларусі – адраджэнні ейных духоўных і дзяржаўных традыцыяў, аднаўленні Беларускага Праваслаўя.У гэты светлы дзень Гасподняе Пасхі жадаю ўсім багалюбным вернікам у Беларусі і тым, хто жыве на чужыне, веры ў уваскрасенне нашае для будучага незямнога жыцця, надзеі на лепшую долю свае сям'і і свайго народу на нашым зямным шляху, і каб любоў нашая да Бога, людзей і Бацькаўшчыны была ўзаемнай.Дык няхай у Святой Беларусі заўсёды ў Велікодную ноч у бажніцах звоняць ува ўсе званы, абвяшчаючы ўсяму свету – Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!З малітваю+ СьвятаслаўЯпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі БАПЦВялікдзень, 2009 л.Б