Дзень Волі ў Таронта (Канада) + ФОТА

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь?Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве!...

Гэтыя словы нашага славутага паэты Францішка Багушэвіча сталі лейтматывам сёлетняга Дня Волі ў канадcкім Таронце. Святкаванне 91-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі тутэйшая грамада канадскіх беларусаў прысвяціла ўшанаванню роднае мовы. На свята незалежнасці таронтаўскія беларусы сабраліся ў нядзелю, 29 сакавіка. Пасля ўрачыстае службы ў царкве св. Кірылы Тураўскага, якую адправіў епіскап Мінскі і Наваградскі Уладыка Святаслаў, да удзельнікаў святочнае імпрэзы з пранікнёнымі словамі звярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

 

З вялікім энтузіязмам прысутныя ўзялі ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якая на працягу апошніх тыдняў ахапіла шырокае кола нашага грамадства ня толькі на радзіме, але і за яе межамі. Дыктоўка й надалей пашырыла геаграфію беларускасці - гэтым разам на заходнюю палову зямной кулі. Свята слова ахапіла і малога, і сталейшага. За сталамі ў залі таронцкага Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтру старанна выводзілі словы дыктоўкі і Старшыня Рады БНР, і студэнты, і школьнікі. Дыктоўку пісалі Уладыка Святаслаў, пісменніца Вольга Іпатава, госцця з Брытанскай Калумбіі Эва Пашкевіч - дачка ўкладальніцы "Ангельска-беларускага слоўніка" Валянціны Пашкевіч. Спрабавалі свае сілы й тыя, хто ніколі не вывучаў беларускую мову ў школе, - напрыклад, нашыя сябры з Расіі ды Украіны. Усіх разам дыктоўку пісалі 42 чалавекі. За тэкст, які прачытала Надзея Дробіна, быў узяты верш Максіма Танка Родная мова. Пераможцаў чакалі прызы - кнігі Вольгі Іпатавай і Кастуся Акулы.

Мастацкая частка святкаваньня распачалася выступам нашых "Яваровых людзей". Да фальклёрнага гурту, які існуе ў Таронце ўжо каля васьмі гадоў, стала далучаюцца ўсё новыя ды новыя таленты. З сольнымі нумарамі ў канцэрце выступілі Міхась Шэмет, Максім Івашын, Дамініка і Каміла Кавалёвы. Песні і танцы роднай зямлі, цудоўныя строі з розных куткоў Беларусі дадалі гледачам узьнятага, святочнага настрою. Зміцер Эльяшэвіч (сайт "Беларусы Канады")