Дзень Волі ў Антверпане (Бельгія)

25 сакавіка Беларуская Дыяспара Бельгіі разам з усім нацыянальнасвядомым беларускім светам адзначыла выдатную урачыстасць – Дзень Волі, усталяваны ў памяць абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.Святкаванне было распачатае ў Беларускай Царкве ў Антверпане, дзе быў адслужаны Малебен за Беларускі народ. У часе Набажэнства была асвячана выява Крыжа на мармуровай Пагоні, якая ўлетку будзе ўрачыста ўсталяваная на магіле Старшыні Рады БНР светлай памяці Міколы Абрамчыка, цела якога спачывае ў Парыжы.У вітальным слове парах Беларускай Царквы святар Ян Майсейчык падкрэсліў сімвалізм таго, што Беларускай Незалежнасць была абвешчаная ў Свята Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля Дабравешчання Багародзіцы належала прайсці пакутны шлях аж пакуль яна здабыла разам з усім чалавечым родам вызваленне праз Свайго Сына. Абвяшчэнне Беларускай Незалежнасьці таксама не стала момантам імгненнага вызвалення нашага Народу, але абазначыла пачатак пакутнага і адначасова гераічнага часу да здабыцця волі. Адзначэнне гэтае даты скіроўвае нас да асэнсавання пройдзенага і сучаснага змагання за Незалежнасць і да схілення галоваў перад гераізмам змагароў усіх пакаленняў.Пасля Набажэнства ўдзельнікі святкавання накіраваліся ў Лёвэн, на магілу светлай памяці Міколы Равенскага, выбітнага кампазітара, аўтара музыкі да гімну “Магутны Божа”. Пасля Паніхіды за душу Міколы Равенскага і ўсіх правадыроў і ваяроў, што жыццё сваё за веру Святую і Бацькаўшчыну паклалі, cтаршыня Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (БЭЗ) сп. Зміцер Піменаў перадаў святочнае вітанне ад старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвілы.

Пасля ускладаньня кветак і запалення знічыка удзельнікі накіраваліся да ветэрана змагання за волю Беларусі сп. Янкі Жучкі, які, нягледзячы на хваробу, прыняў гасцей з радасцю і вялікім узрушэннем.

Завершылася святкаваньне святочнай, але позняй вячэрай ў рэстарацыі.

Паводле сайта "БЭЗ-інфо"