Алушцінскаму культурна-асветніцкаму таварыству “Сябрына” - 10 год (Украіна)

10-гадовы юбілей адзначае адна з найбольш вядомых суполак беларусаў Крыма.Партэніцкі філіял Алушцінскага культурна-асветніцкага таварыства “Сябрына” вядзе радавод з 1999 года. Тады ўпершыню сабраў землякоў у бібліятэцы старажытнага пасёлка Партэніт заслужаны работнік культуры Аўтаномнай Рэспублікі Крым Віталь Бартохаў, які цяпер узначальвае беларускае згуртаванне Алушты. Нядаўна ён наведаў Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”. Госць нагадаў, што з сустрэчы ў Партэніце пачыналася і Алушцінскае таварыства – яно аформілася праз год. Яшчэ і сёння сябры згадваюць літаратурна-музычную кампазіцыю “Мне сняцца сны аб Беларусі” ў натхнёным выкананні Віталя Мікалаевіча. Тады сабралася крыху больш за 20 энтузіястаў з жаданнем зберагаць і прадаў-жаць традыцыі і культуру свайго народа, перадаваць яе нашчадкам. А традыцыйныя беларускія ручнікі, якія ўпрыгожвалі залу бібліятэкі Партэніта, быццам выслалі “Сябрыне” добрую дарогу ў будучыню. Дарэчы, і цяпер да ўсіх сустрэч зала бібліятэкі ўпрыгожваецца ручнікамі: яны нібы на крылах пераносяць беларусаў на Радзіму.На юбілейнай сустрэчы ў Партэніце землякоў віншавалі госці з Сімферопаля: члены праўлення Саюза беларусаў Крыма Аляксандр Шамрук, Ніна Жукоўская і прафесар Таўрычаскага нацыянальнага універсітэта Міхаіл Юрахно. Апошні — вучоны, дзіцячы пісьменнік — падараваў бібліятэцы свае кнігі. Ад землякоў з Ялты выступалі старшыня сябрыны “Белая Русь”, член Саюза мастакоў Украіны, ён жа майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ювелір Пётр Якубук і выкладчыца Ялцінскага гуманітарнага універсітэта Ірына Чырыч — яна парадавала ўсіх добрымі песнямі. Гучалі беларускія песні і ў выкананні Ганны Песенкі з Малога Маяка. Творы сучасных паэтаў і кампазітараў Беларусі прадстаўлялі Наталля Маркевіч і Віталь Бартохаў, з цёплым словам да землякоў звярнулася старшыня Партэніцкага філіяла “Сябрыны” Зінаіда Пшонкіна. Бібліятэка ў Партэніце — як родны дом для “Сябрыны”. Тут добразычліва ставяцца да беларускага зямляцтва, дапамагаюць ладзіць сустрэчы, тэматычныя выставы. Штогод кола сяброў пашыраецца. Сёлета, напрыклад, членам “Сябрыны” стала ўрач-біяхімік Святлана Конанава. А ветэран вайны і працы, ардэнаносец Ада Фёдараўна Зінкевіч, якая хутка адзначыць 85-годдзе, мусіць, не прапусціла аніводнага пасяджэння. На юбілейнай вечарыне раскрыў свой талент Аляксандр Аляхно — душою свята стаў ягоны гармонік, пад яго і спявалі, і танцавалі.“Сябрына” не толькі падводзіла вынікі, але і ўдакладняла планы на будучыню. Сёлета, як вядома, спаўняецца 65 гадоў з часу вызвалення Крыма, Украіны, Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і шэраг мерапрыемстваў крымскія беларусы рыхтуюць да гэтых святаў. У прыватнасці, павіншуюць ветэранаў Вялікай Айчыннай з ліку беларусаў, ды і ўсіх франтавікоў, якія вызвалялі Беларусь. Якраз 100 гадоў таму Максім Багдановіч упершыню наведаў сонечны паўвостраў. Прыезд у Ялту ў 1909 г. прыдаў новых сіл, напоўніў паэта здароўем, новымі эмоцыямі і ўражаннямі, у яго засталіся пра Крым добрыя ўспаміны. Тут нарадзіліся цудоўныя вершы, тут ён спаткаў сваё каханне. Адна з сустрэч беларусаў будзе прымеркавана і да гэтых памятных датаў.А яшчэ ў “Сябрыне” шмат планаў па адраджэнні нацыянальных абрадаў і традыцый. Віталь Бартохаў расказаў, што многія алушцінскія беларусы цікавяцца работай суполкі і гатовы да яе падключыцца. Добрыя словы пачуў у свой адрас і сам В.Батохаў, лаўрэат прэміі Максіма Багдановіча за ўклад у развіццё беларускай культуры. “Такое прызнанне маёй сціплай працы, удзячнасць сяброў даюць сілы, каб арганізоўваць і праводзіць новыя мерапрыемствы”, — прызнаўся крымскі госць. А запаветнае жаданне ў яго такое: правесці сёлета першы Міжнародны фестываль беларускай песні “Алушта збірае сяброў”, запрасіўшы на яго беларусаў з розных краін. Паводле газеты "Голас Радзімы"