Прэзентацыя паэтычных твораў (Польшча)

12 сакавіка ў Беластоку адбылася прэзентацыя зборнікаў паэтычных твораў маладых беларускіх паэтаў з Падлясся Ю.Баены “Бераг надзеі” і Ю.Буйнюка “Самота дажджу”. Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўніцтва і прадстаўнікі Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Беластоцкага універсітэта, беларуская грамадскасць Беласточчыны.У прывітальных словах старшыні Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” прафесара Я.Чыквіна была выказана ўдзячнасць беларускай дыпламатыі за дапамогу ў выданні кніг, падкрэслена вартасць дзейнасці Культурнага цэнтра Беларусі на карысць развіцця беларускай культуры па-за межамі Беларусі, выказана спадзяванне на далейшае канструктыўнае і плённае супрацоўніцтва.Галоўным лейтматывам мерапрыемства стала азнаямленне прысутных з асноўнымі вехамі літаратурнай дзейнасці і творчымі планамі Ю.Буйнюка і Ю.Баены. Сустрэча з паэтамі выклікала асаблівую зацікаўленасць сярод студэнтаў беларускай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта, якія выказалі думку, што прэзентацыі такога кшталту спрыяюць папулярызацыі беларускага слова ў Польшчы.Да прэзентацыі зборнікаў твораў беларускіх паэтаў у Польшчы было таксама прымеркавана адкрыццё выставы жывапісу мастака з Беларусі Л.Гоманава, працы якога раней выстаўляліся ў Бялай Падлясцы.Паводле прэс-службы Амбасады Рэспублікі Беларусь у Польшчы