Сакрат Яновіч: "Палякі цяпер выдаюць цэлую бібліятэку беларускай літаратуры, а з боку ўладна-савецкай Беларусі ідзе толькі хамства..." (Польшча)
Беларускі пісьменнік Польшчы Сакрат Яновіч — не часты госць метрапольных выданняў. Апошні раз давялося сустрэцца з ім на юбілеі "Нівы" два гады таму. Там мы спрачаліся пра Янку Купалу...На 50-годдзі літаратурнага аб'яднання "Белавежа" з ім зноў пабачыўся. Гэтым разам мы гутарылі пра ўсё: палітыку, літаратуру, жыццё і г.д. З дазволу спадара Яновіча ўключыў дыктафон і сёе-тое занатаваў. Некаторыя фрагменты гутаркі прапаную "Літаратурнай Беларусі".— Спадар Яновіч, скажыце, калі ласка, чаму вашыя бацькі далі вам такое рэдкае імя — Сакрат? Можа, гэта ў гонар старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата? Ці ведалі вашы бацькі пра грэчаскую філасофію?— Гэта мяне маці так назвала. Яна была ў бежанстве ў Расіі за Самараю. Там пэўны час хадзіла ў расійскую школу. І аднойчы яе настаўніца пасадзіла са сваім сынам за адну парту. А таго сына звалі Сакрат. Мама дрэнна вымаўляла словы па-расійску, дык ёй заўсёды дапамагаў сын настаўніцы. І калі мае бацькі вярнуліся з тае няшчаснае Расіі на Радзіму, і калі мама выйшла замуж і нарадзіўся я, то яна заўпарцілася і ахрысціла мяне Сакратам. Хаця яна зусім не разумела і не ведала пра Сакрата нічога. Але ў яе памяці заўсёды быў той расійскі хлопчык Сакрат.— А бацька не быў супраць, каб яго сын насіў такое імя?— А бацька ўвогуле не ведаў, у чым справа. Ды яго гэта мала цікавіла. Як назвала жонка — так і добра.— А ў школе з вас не смяяліся?— Спачатку смяяліся, бо не разумелі майго імя. Называлі мяне — крот. Але аднойчы святар Антон Савіч у сваёй пропаведзі згадаў, што быў такі грэчаскі філосаф, які пацвердзіў, што чалавек мае душу, што мудрасць — аснова высокамаральных учынкаў. Тады ўсе ад мяне адсталі.— А цяпер вы, мабыць, з гонарам носіце імя Сакрата? Дый гучыць — Сакрат Яновіч! А ні Юрка Яновіч ці Міхась Яновіч...— Пэўна так! Бо гэта імя не штодзённае. Дый Юркаў і Міхасёў цэлыя копы, а Сакрат у Беларусі адзін.— Вы казалі, што маеце ўжо ўнучку і ўнука. А на якой мове вы з імі размаўляеце? І ці ведаюць яны родную мову?— Я маю двух сыноў і двух унукаў, і дзве ўнучкі. Сыны выключна добра размаўляюць па-беларуску. Унучка, якая жыве са мною, паступае так: калі ёй трэба грошы і хоча да мяне падлашчыцца, гутарыць са мной па-беларуску, размаўляе на роднай мове, а калі спрачаецца са мной, то па-польску.— Спадар Сакрат, вы напісалі і выдалі шмат добрых кніг. Які ўплыў на вашую творчасць аказала літаб'яднанне "Белавежа"? І наогул, што дала вам "Белавежа"?— "Белавежа" дала мне шмат, дзякуючы Георгію Валкавыцкаму, першаму кіраўніку. Ён на пачатку існавання аб'яднання быў адзіным чалавекам, які добра арыентаваўся ў літаратуры. А я меў тэхнічную адукацыю, я — электратэхнік. Але дзякуючы Валкавыцкаму і майму швагру, які некалі прывёз кніжку Бабеля на польскай мове, я стаў пісьменнікам. Я прачытаў кнігу Бабеля з цікавасцю. Валкавыцкі даў паняцце, што такое літаратура, а Бабель паказаў мне, што можна пісаць не пад Пушкіна, не пад Міцкевіча, а пад маё мястэчка Крынкі.Крынкі — гэта мой свет. Крынкі для мяне — адкрыццё. Крынкі — адкрыццё вялікай гісторыі. Гэта могілкі: каталіцкія, праваслаўныя, жыдоўскія, нямецкія. Цяпер мне зразумела, чаму мой дзед умеў размаўляць на пяці мовах, хоць сам не ведаў нават літар. Але ён чуў гэтыя мовы, таму і навучыўся на іх гаварыць.— З Крынак быў родам Янка Геніюш — муж Ларысы Геніюш. Ды і род Ларысы Міклашэвіч (Геніюш) паходзіць таксама з Крынак. Вы кантактаваліся з Ларысай Геніюш?— Я двойчы з ёю сустракаўся. Першы раз, дзякуючы Аляксею Карпюку з Гродна, мы наведалі ў Зэльве Ларысу і Янку Геніюшаў. А пасля яна была тут у Беластоку ў сына, дзе мы таксама мелі сустрэчу.— Аб чым вы гутарылі?— Гэта была такая гутарка трагічная. Бо яе жыццё было трагічным... У Беласток яна прывезла мне стэнаграму выступлення Аляксея Карпюка на V з'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР у Мінску 13 мая 1966 года. Паэтка была ўзрушана гэтым выступленнем. І я напісаў ліст Аляксею, выказаў сваю згоду з яго меркаваннямі і падтрымку. Але ж Аляксей Карпюк быў наіўным чалавекам і пачаў гэтым пісьмом хваліцца, што, маўляў, малады аўтар з Беласточчыны падтрымлівае яго. І тады зацікавілася мною савецкае КДБ. І я з-за гэтага страціў працу, быў беспрацоўным. Але мне шмат дапамагалі палякі.— Калі мы згадалі сына Ларысы Геніюш — Юрку, дык скажыце, калі ласка, пра вашыя агульныя творчыя ўзаемаадносіны. Вы некалі разам выдавалі кнігі п'ес. Так?— Было такое. Бо Юрка Геніюш у Беластоку жыў са мною побач. А я ў Беластоку пражыў 50 гадоў. Пазнаёміліся мы праз тыднёвік "Ніва", я працаваў журналістам, а ён туды часта заходзіў.— А з Валянцінай Геніюш — жонкай Юркі Геніюша і іх сынамі вы сёння кантактуеце?— Не, на жаль. Яны цяпер жывуць у іншым свеце з іншымі інтарэсамі і справамі. Дый я ўжо ў Беластоку не жыву, а ў Крынках.— Спадар Сакрат, і чым вы зараз займаецеся ў сваіх Крынках?— Я найперш ратуюся ад смерці, бо моцна хварэю. А яшчэ пішу. Пішу вельмі марудна. Але пішу прозу і вяду свае дзённікі. Бо заўважыў, што дзённікаў ніхто не піша. Нашае сялянскае асяроддзе не любіць пісаць дзённікаў.— І што вам дае напісанне дзённікаў?— Я запісваю факты, якія адбываліся і адбываюцца цяпер, і яны хутка знікнуць, і пра іх ніхто не будзе нічога ведаць. А для нашчадкаў жыццёвыя факты трэба захаваць.— Янка Брыль пакінуў багатыя і цікавыя дзённікі — з запаветам, каб апублікавалі іх праз 5 гадоў...— Я не чуў пра гэта... Але калі тое праўда, то яна вельмі добра сведчыць пра Янку Брыля, бо дзённікаў у нас пераважна не пішуць, таму што беларуская літаратура — гэта літаратура мужыкоў, а мужыкі гэтым не займаюцца. Дзённікі пішуць людзі горада...Акрамя пісьменства штогод арганізоўваю "Беларускі дыялог". Бо я заўважыў, што цяпер лёгка выдаваць штогоднік для Еўропы. У Еўропе ёсць людзі, якія цікавяцца беларускай літаратурай. І я дзесяты год выдаю "Год беларускі" на мовах Еўропы. Гэта значыць, штогадовы том, які выходзіць па прынцыпе: беларуская літаратура на мовах Еўропы, а еўрапейская літаратура — на беларускай. Справа ў тым, што нашу літаратуру трэба еўрапеізаваць. Яна ўвесь час з'яўлялася філіяй расійскай, а гэта так не павінна быць. Ды і расійская літаратура ўзнікла пад уплывам еўрапейскай. Скажам, каб зразумець Пушкіна, трэба ведаць французскую літаратуру. Калі яе не ведаеш, то Пушкіна дасканала не зразумееш. Бо Пушкін рос у асяроддзі французскай культуры. Яго маці ненавідзела расійскую мову. Яна Сашу Пушкіна, калі ён размаўляў па-расійску, нават біла! І напачатку ён пісаў выключна па-французску. Але хто аб гэтым сёння і пры бальшавіках казаў? Ніхто... У Савецкім Саюзе пераважаў расійскі шавінізм...— Які працягваецца да сённяшніх дзён...— Так. Дык я сабе падумаў, што для Еўропы, пры сённяшніх тэхналогіях, штогоднік можна выдаваць нават у гумне.— Правінцыі сёння не існуе?— Што Крынкі, што Варшава — усюды можна выдаваць добрыя і неабходныя кнігі. А тым больш пра Беларусь для Еўропы. Сёння ў Беларусі неабходна выдаваць літаратурны часопіс для Еўропы, каб нас чыталі, каб пра нас ведалі, каб прапагандаваць нашу літаратуру, каб беларуская літаратура знаходзіла сваё месца ў Еўропе.— Тым больш нам ёсць што даць пачытаць еўрапейскаму чытачу. А вы, спадар Сакрат, што чытаеце, перачытваеце з беларускай літаратуры?— Я чытаю і перачытваю Максіма Багдановіча. Пасля люблю чытаць геніяльнага паэта Уладзіміра Жылку, а таксама зачытваюся мініяцюрамі Янкі Брыля. Вельмі люблю чытаць прозу Змітрака Бядулі.З сённяшняй літаратуры мне даспадобы творчасць Уладзіміра Някляева, Дануты Бічэль, Лявона Баршчэўскага... А з прозы кагосьці назваць пасля Васіля Быкава я нават і не асмелюся. Пасля Васіля Быкава ў нас доўга-доўга не будзе роўнага яму. Бо гэта зусім іншае майстэрства. Ён меў літаратурны інстынкт, вялікі талент.— Якія планы ў 72-гадовага Сакрата?— Рыхтую дзесяты том "Году беларускага". І спадзяюся яшчэ некалькі падрыхтаваць і выдаць, бо, дзякаваць Богу, палякі мне дапамагаюць. З палякамі лёгка гутарыць, дамовіцца пра канкрэтную справу, а вось з беларусамі — цяжка. Палякі цяпер выдаюць цэлую бібліятэку беларускай літаратуры, а з боку ўладна-савецкай Беларусі ідзе толькі хамства... На вялікі жаль...Паводле "Народнай Волі"