"Сібірскія агні" прысвеланы беларускім пісьменнікам
"Унікальны праект", "нечуваная падзея", "шматабяцальны пачатак"… Такімі эпітэтамі суправаджалася прэзентацыя незвычайнага нумара расійскага літаратурна-мастацкага часопіса "Сибирские огни", які цалкам быў прысвечаны творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў."Сибирские огни" — найстарэйшае ў Расіі літаратурнае выданне. У розныя гады ў часопісе публікавалі свае творы Васіль Шукшын, Валянцін Распуцін, Віктар Астаф'еў. А сёлетні лютаўскі нумар склалі беларускія вершы і проза.Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў маскоўскім Доме рускага замежжа на Таганцы адбылася прэзентацыя часопіса з удзелам расійскіх і беларускіх літаратараў, а таксама прадстаўнікоў інтэлігенцыі Масквы. З беларускага боку ўдзельнічалі пісьменнікі, чые творы змешчаныя ў часопісе: Алесь Пашкевіч (апублікаваны пераклад яго рамана "Плац волі"), Барыс Пятровіч (аповесць "Путина"), Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч (эсэ "Торговцы воздухом"), Сяржук Сыс, Сяргей Трахімёнак, беларус па паходжанні Ілля Расолаў. Шэраг жа прадстаўленых у часопісе аўтараў значна шырэйшы: паэты Уладзімір Арлоў, Галіна Булыка, Генадзь Бураўкін, Алесь Каско, Наста Кудасава, Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Лера Сом, Віктар Ярац.Чаму менавіта "Сибирские огни" спрычыніліся да папулярызацыі беларускай культуры? Сібірская зямля аднолькава дарагая для многіх славянскіх народаў, дарагая ў розных сэнсах: сюды высылаліся беларусы і прадстаўнікі іншых народаў падчас царызму. Тут знайшлі свой вечны спачын тысячы ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Сюды кіраваліся многія беларусы ў пошуках рамантыкі. Можа яшчэ і таму выступоўцам, што прамаўлялі па-беларуску, перакладчыкі былі не патрэбныя — іх добра разумелі ўсе.У прэзентацыі бралі ўдзел вядомыя расійскія літаратурныя крытыкі і навукоўцы: рэктар Маскоўскага Літінстытута Барыс Тарасаў, прафесар Ала Бальшакова, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі празаік Мікалай Дарашэнка; рэдактар часопіса "Дети Ра" Яўгеній Сцяпанаў; паэты Бахыт Кінжэеў і Пятро Кошаль, прадстаўнікі студэнцкай супольнасці. Музычным упрыгожваннем сустрэчы стала выступленне беларускага барда Віктара Шалкевіча.Перакладчыцкі праект стаў магчымым дзякуючы рупнасці галоўнага рэдактара часопіса Уладзіміра Беразева і члена рэдкалегіі Валерыя Казакова, які напісаў уступны артыкул да нумара, а ў сваім выступленні на прэзентацыі адзначыў: "Прэзентацыя "беларускага" нумара — першая з серыі творчых акцый, якую далей працягнуць украінскі, польскі, сербскі, балгарскі, чэшскі нумары часопіса".Прыкра, што вечарына, якую напярэдадні анансавалі афіцыйныя СМІ разам з агенцтвам БЕЛТА, беларускія дзяржаўныя выданні ды прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Маскве праігнаравалі. Прычына — наяўнасць у часопісе для чынавенства "апазіцыйна настроеных" аўтараў. Аднак відавочна, што сёння найбольшымі апазіцыянерамі ўладзе робяцца самі чыноўнікі ад культуры і ідэалогіі. Як і ў мінулыя часы, іх першы клопат — "не пушчаць" ды забараняць, а не аб'ядноўваць ды ствараць. А ім, беларускім будаўнікам Саюзнай дзяржавы, карысна было б паглядзець, у прыватнасці, з якой павагай і любоўю нашымі ўсходнімі суседзямі збіраюцца па ўсім свеце неацэнныя макулінкі замежнай-эмігранцкай духоўнай і культурнай спадчыны — без падзелаў на светлае і цёмнае, чырвонае і белае. Збіраюцца ў аграмадным будынку Дома рускага замежжа ў цэнтры Масквы, дзе ў той дзень беларусы не пачуваліся замежнікамі.Паводле "Народнай Волі"