Новы старшыня БАСу (Польшча)

На змену Радаславу Дамброўскаму прыйшла студэнтка 3-га курса беларускай філалогіі Беластоцкага унівэрсытэта Мажэна Саевіч. Радэк Дамброўскі кіраваў Беларускім аб’яднаннем студэнтаў у Польшчы два гады. Адвучыўся на аддзяленні беларускай філалогіі Беластоцкага унівэрсытэта, а зараз працуе радыёжурналістам. Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» — не адзіная дзейнасць БАС, але, бадай, самая гучная і маштабная. Радэк мае досвед у арганізацыі шасцёх апошніх Басовішчаў, у тым ліку і па гэтай прычыне не сыходзіць з каманды БАСу:- Нярэдка ў гісторыі БАСу здаралася, што з прыходам новага кіраўніцтва і сыходам ужо дасведчанай каманды, маладым даводзілася з нуля ўсяму вучыцца — у тым ліку і арганізоўваць Басовішча. Але змена пакаленняў патрэбная, таму далей не балатаваўся, бо лічу, што студэнцкай арганізацыяй мусяць кіраваць маладзейшыя людзі — студэнты, якія гуртуюць вакол сябе новых людзей са свежымі ідэямі і прапановамі, і якія маюць болей часу, бо яшчэ студэнты.Радэк застаецца працаваць у Праўленні БАС, на пасадзе сакратара арганізацыі, а таксама ў арганізацыі «Басовішча 2009». Каманда БАС зараз актыўна абмяркоўвае праграму фэсту:- Усё залежыць ад выканаўцаў і гуртоў, але ёсць ідэя вярнуцца да саміх вытокаў Басовішча, каб у час фэсту выступіў Віктар Шалкевіч і іншыя — музыкі, што выступалі ад пачатку на фестывалі, пераможцы Басовішча розных гадоў. Хочам зрабіць такі перагляд гістарычны — рэтраспэктыву Басовішча.Праграма сёлетняга фэсту будзе розніцца ад папярэдніх гадоў, але падрабязнасці пакуль у стадыі абмеркавання. Магчыма, сёлетняе Басовішча пройдзе без конкурснай часткі, але з удзелам выбітных выступоўцаў Басовішча за 20-гадовую гісторыю фэсту.Новы кіраўнік БАС Мажэна Саевіч пакуль прымае віншаванні і ўваходзіць у новую ролю, але кажа, што «ўсю адказнасць працы разумее». Адказнасьць цяпер кладзецца на дзявочыя плечы, і не толькі Мажэны, бо як вызначыў Радэк, зараз у арганізацыі «ladies team» — на пасадзе намесніцы навучэнка ліцэю Кася Кузьміч, паведамляе generation.by.