Прэзентацыя "Вызвалення" ў Вільні (Літва)

У Вільні адбылася прэзентацыя дакументальна-публіцыстычнага фільму Вольгі Мікалайчык “Вызваленне”.

У Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні на Дзень Салідарнасці было традыцыйна людна. Гэтым разам беларусы з літоўскай сталіцы сабраліся тут, каб паглядзець дакументальны фільм Вольгі Мікалайчык “Вызваленне”.Прэзентацыя зацікавіла не толькі беларусаў: сярод гасцей можна было заўважыць і амбасадара Каралеўства Нарвегіі ў Літоўскай Рэспубліцы Стэйнара Гіля.Сумесна з Домам правоў чалавека імпрэзу арганізаваў Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў. Старшыня гэтай арганізацыі Валеры Руселік зазначыў, што прэзентацыя “Вызвалення” – гэта своеасаблівая падрыхтоўка да свята 25-га Сакавіка.- Прагляд фільму “Вызваленне” з'яўляецца першым з мерапрыемстваў, запланаваных аргкамітэтам па святкаванні Дня Волі-2009 у Вільні. Пазней будзе цэлы шэраг мерапрыемстваў, знітаваных агульнай тэмай – незалежнасцю. Тэма незалежнасці, тэма свабоды Беларусі і беларусаў надзвычай актуальная. На маю думку, на гэтую тэму трэба разважаць, не толькі ў Дзень Волі, але і ў іншы час.Паглядзець фільм “Вызваленне” віленчукі ўжо мелі мажлівасць – напрыканцы лютага ў Таварыстве беларускай культуры. Аднак гэтая акалічнасць Валерыя Руселіка зусім не бянтэжыла:- Усялякае мерапрыемства, якое ладзіцца прадстаўнікамі беларускай супольнасці ў Вільні, накіраванае на тое, каб сустрэцца, каб паразмаўляць, задаць адно аднаму пытанні. На маю думку, яно працуе на задзіночванне беларускай супольнасці ў Вільні. Яго было  б злачынна раздзіраць па розных ланцугах, па розных мерапрыемствах.Рэжысёр “Вызвалення” Вольга Мікалайчык перакананая ў тым, што яднанне дапаможа беларусам выжыць:- Трэба яднацца, таму што, калі мы гэтага не зробім, у нас няма шанцаў і перспэктывы, калі мы будзем паасобку. Мы адзін аднаму патрэбныя, і калі бяда прыходзіць, то трэба кідаць усё і ляцець выратоўваць адзін аднаго, бо калі мы гэтага не зробім, мы можам усе па адным сысці.Рэжысёрская задума злучыла адным сюжэтам гісторыі Вячаслава Сіўчыка і ягоных родных, Аляксандра і Ірыны Казуліных, Андрэя Кіма, Сяргея Скрабца і нават маладафронтаўскіх антаганістаў Змітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча. Разнастайнасць герояў відавочна замінала адэкватнаму ўспрыняццю стужкі.Пасля прагляду “Вызвалення” сакратар беларускай газеты ў Вільні “Рунь” Павал Саўчанка паскардзіўся на сюжэтную размытасць кінафільму:- Фільм цікавы, але нейкі шматгранны. Не засяродзіўся на адным пытанні, а на шматлікіх. Уражанне размытае. Там ёсць цікавыя эпізоды, цікавыя людзі, паказана змаганне ў Беларусі, але неяк гэта ўсё размазана крыху.Вольга Мікалайчык мяркуе, што ўсіх гэтых розных людзей яднае змаганне супраць сістэмы:- Усе людзі розныя, але гэта – людзі, якія здолелі падняцца з кален, стаць супраць сістэмы, сказаць: я ёсць. Іх не зламала жыццё. Яны дасюль здольныя змагацца. Змаганне не ёсць сэнсам іхняга жыцця, проста яны патрапілі ў такі час, і яны вымушаныя гэта рабіць, таму што і сумленне, і душа, і сэрца не вытрымліваюць.

 Паводле "Радыё Рацыя"