НАТО ў будучыні павінна ўключыць Беларусь і Украіну ў свае члены, лічыць экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел. Як паведамляе чэшскае інфармагенцтва СТК, аб гэтым вядомы палітык заявіў у інтэрв'ю Чэшскаму радыё (CRo).
12 сакавіка 1999 года ў НАТО ўвайшлі Венгрыя, Польшча і Чэхія. Паводле слоў В.Гавела, працэс ўваходжання быў доўгім, паколькі альянс не быў гатовы ўключыць краіны, якія былі членамі Варшаўскага дагавора.
- Альянс вызначаецца як агульнымі каштоўнасцямі, так і геаграфічна, ён не можа пастаянна пашырацца, — лічыць чэшскі экс-прэзідэнт.
На яго думку, НАТО павінна заканчвацца на беларуска-расейскай і ўкраінска-расейскай мяжы. Ён выказаў надзею, што "дыктатура ў Беларусі і неразбярыха ва Украіне закончацца і абедзве краіны ўвойдуць у НАТО". В.Гавел лічыць неабходным стварэнне новай сістэмы бяспекі ў Каўказскім рэгіёне, у прыватнасці ў Азербайджане, Арменіі, Грузіі, якая б гарантавала незалежнасць кожнай з краін.
Паводле "Радыё Рацыя"