Ірэна Каляда-Смірнова: "Мне бы хацелася прыехаць у Беларусь, але баюся пабачыць як губляецца беларускасць у краіне" (ЗША)

Шмат год “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” супрацоўнічае са спн. Ірэнай Калядой-Смірновай, і гэты год не выключэнне.

У студзені–лютым 2009 г. пры дапамозе мецэната І. Каляды-Смірновай Згуртаванне выдала кнігі – “Чытанка для дзіцячага садка” і “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах“ С.  Шапрана, а таксама дыск гурта “Стары Ольса”, у які ўвайшлі новыя творы з “Полацкага сшытку”. Хутка з’явяцца яшчэ тры кнігі пры падтрымцы спн. Ірэны – Р. Гарэцкі “Браты Гарэцкія”, А. Грыцкевіч “Старонкі нашай мінуўшчыны”, 2-гі том “Васіля Быкава...” З гэтай нагоды Інфармацыйны цэнтр “Бацькаўшчыны” ўзяў інтэрв’ю ў спадарыні Ірэны.– Вы шмат часу аддаяце на грамадскую дзейнасць, вядзеце мецэнацкую працу ў розных галінах – і культурным, і сацыяльным, шмат робіце не толькі для арганізацый, але і для простых людзей з Беларусі, якім патрэбна дапамога. Чаму?– Па-першае таму, што я беларуска і мяне выхавала так мама. А па-другое, ёсць прынцып: кожны кожнаму дапамагае. Палякі дапамагаюць і шмат робяць для Польшчы, украінцы для Украіны, а я раблю для сваёй радзімы Беларусі. Усе беларусы для мяне як сёстры і браты, і іх боль – гэта і мой боль. У мяне ёсць прынцып: Бог даў мне такую магчымасць, я павінна дзяліцца з людзьмі, асабліва з тымі, каму патрэбна мая дапамога. Я таксама дапамагаю ў Амерыцы, Кліўлендзе, дзецям, якія нараджаюцца з цяжкімі захворваннямі, дапамагала, калі ў нас у штаце Агайо шмат тэрыторыі заліла вадой, калі затапіла Новы Арлеан. Амерыка таксама мая краіна, і калі здараецца тут нейкая бяда, гэта і мая бяда.– Вы не былі на Беларусі з сярэдзіны 1990-х гадоў. Што для Вас Беларусь, якой Вы яе бачыце на іншым беразе Атлантыкі?– Я напачатку 1990-х тры разы наведвала краіну. У тыя часы мала хто ведаў у свеце, што такое Беларусь, што такое Чарнобыль. Зараз такіх людзей становіцца болей. Тым больш пра гэта ведаюць у Кліўлендзе, дзе я вяду працу па чарнобыльскай праблеме, ведаюць менавіта з маёй дапамогі беларускім дзяцям. На жаль, у нас тут у Кліўлендзе засталося мала сапраўдных беларусаў, якія захоўваюць беларускую культуру і традыцыі, але я веру ў тое, што пакрыху ўсё гэта можа аднавіцца.– Ці хацелася б Вам прыехаць у Беларусь і паглядзець, як тут змянілася сітуацыя?– Мне б вельмі хацелася прыехаць у Беларусь, але я і баюся гэта зрабіць. Баюся, што не вытрымаю бачыць, як губляецца беларускасць у самой Беларусі. Толькі, мабыць, калі пачнуцца змены ў самой Беларусі. І да першых зменаў я адношу стаўленне да мовы. Для мяне гэта самае балючае пытанне. Прыязджаць і бачыць, як не размаўляюць па-беларуску, гэта  вельмі балюча. Але я спадзяюся толькі на лепшае.– У беларускай прэсе шмат абмяркоўваецца інфармацыя наконт таго, як захаваць беларускасць у самой краіне, часамі гэта пытанне закранаюць і дзяржаўныя СМІ. А як Вы здолелі на працягу доўгіх гадоў захоўваць беларускую мову і культуру, знаходзячыся на такой адлегласці ад Радзімы? – Гэта ўсё толькі дзякуючы маёй маме. Дома мы гутарылі толькі па-беларуску, і калі пасля вайны так атрымалася, што мы засталіся ў памежнай зоне, то нават не стаяла пытанне, у якую школу аддаваць дзяцей. Мы пайшлі вучыцца ў беларускую. Для нас не было другой мовы, беларуская мова была на першым месцы. Бабуля, якая жыла з намі, таксама шмат зрабіла для нас і нашага станаўлення, яна захавала для нас усе традыцыі. Мы святкавалі беларускія святы, а калі пераехалі ў Кліўленд, дык увогуле ўсё расквітнела. Адзначалі не толькі рэлігійныя святы, але і традыцыйнае беларускае Купалле. У мяне былі два браты, але і для іх не паўста вала пытанне, на якой мове размаўляць: вядома, на беларускай. Мы амерыканцы, але трэба любіць і сваё, паважаць свае карані. Мне вельмі балюча зараз глядзець на тое, што адбываецца ў беларускім асяродку, бо для большасці на першае месца выйшлі грошы, а не культура. Ганьбіць сваё – гэта дрэнна. – Вы падтрымлівалі выхад практычна ўсіх альбомаў “Старога Ольсы”, ці падабаецца Вам самой гэтая музыка?– Цудоўная музыка, а ў мяне дачка настолькі закаханая ва ўсіх іх, што яна пастаянна праглядае відэа гурта. Яны робяць добрую справу ў музыцы.– Што б Вы хацелі пажадаць маленькім чытачам “Чытанкі...”?– Мы атрымалі кніжку, якая выйшла, і мы ў захапленні, бо там размешчаны такія цудоўныя беларускія творы. Вельмі шмат з якіх мы ведаем напамяць. Калі я чытала кніжку, у мяне было адчуванне, што я вярнулася ў дзяцінства, калі мне гэтыя казкі распавядала бабуля. Я вельмі рада, што падрыхтавана такая скарбонка для малых дзетак. Гэта цудоўная кніжка, і ўсім, каму я прэзентую яе ў беларускім асяродку Кліўленда, проста ў захапленні ад яе. Вядома, гэта даволі малы наклад для такой кніжкі, і трэба будзе шукаць магчымасць яе перавыдаць.

"Беларусы ў свеце", люты 2009