Аўтар рызыкнуў не абыходзіць бокам гісторыю і сучасную палітычную сітуацыю ў Беларусі - збольшага незразумелыя тэмы для заходняга чытача. У выніку атрымалася эклектычная мазайка - частая з'ява ў падобнага кшталту публікацыях. Аўтар несумненна прачытаў не адну кнігу пра беларускую мінуўшчыну і ведае пра асноўныя падзеі і тэндэнцыі нядаўняга мінулага і цяперашняга дня, аднак яго аповеду бракуе цэльнасці.
Н. Робэртс шмат ведае пра Чарнобыльскую катастрофу і ейныя наступствы. Ён вельмі кранальна піша пра высілкі беларусаў і нашых прыяцеляў у іншых краінах зменшыць негатыўныя наступствы трагедыі. Падобна, што аўтарскі інтарэс да нашай краіны развіўся ў выніку яго кантактаў з беларускімі дабрачыннымі арганізацыямі.Аповед пра культуру кароткі і са шматлікімі памылкамі, апіскамі і русіфікаванымі формамі беларускіх імёнаў і назваў, што выдае няведаньне мовы.Другую і асноўную частку кнігі - традыцыйна для падарожных даведнікаў, - складае практычная інфармацыя для тых, хто збіраецца наведаць Беларусь: транспарт, пражыванне, харчаванне, забыткі і г.д. Цалкам натуральна, што значная частка гэтага раздзела прысвечаная Мінску з яго параўнальна добра развітай турыстычнай інфраструктурай. Неаднаразова аўтар цалкам справядліва папярэджвае чытачоў, што наведваць краіну самастойна - а тым больш без ведання мовы (расійскай, - паводле аўтара; на жаль, з ім давядзецца пагадзіцца, бадай), - наўрадці разумна, а нават - немагчыма, з-за неразвітасьці турыстычных паслугаў.У той жа час Н. Робэртс захапляецца Беларусцю менавіта таму, што тут можна знайсці нечаканкі, атрымаць досвед, цалкам адрозны ад таго, да чаго прызвычаены заходні турыст. “Яна абсалютна несапсаваная лавушкамі сучаснага турызму і заходняга матэрыялізму. Тут вельмі проста адчуць, нібыта ты трапіў у іншую эпоху і вымярэнне. У многіх сэнсах краіна - жывы музей савецкага камунізму, але так ставіцца да яе было б вялікай несправядлівасьцю да ашаламляльнай вытрываласці ейных людзей,” - піша аўтар. Ён замілаваны неэксплуатаванай прыродай, містыкай расійскага праваслаўя, поўнымі забыткаў музеямі, якія стаяць амаль пустыя, але больш за ўсё - цёплымі, шчырамі і гасціннымі людзьмі. “Але кажыце пра гэта шэптам, бо ўсе гэтыя багацці трэ’ берагчы, каб не папсаваць,” - завяршае аўтар.Цёплыя словы пра Беларусь і беларусаў не захавалі мяне ад адчування, нібы я мэбля ў брытанскай краме каляніяльных рэчаў - забаўная, таямнічая, такая адрозная. Любоў і захапленьне аўтарскіх словаў неяк патыхаюць патэрналізмам. Як яшчэ можна вытлумачыць гісторыю давання хабару памежніку, якую Н. Робэртс апавядае бяз каліва сораму?!Нягледзячы на шматлікія недахопы (і сярод іх - вельмі слабы індэкс), гэтую кнігу варта вітаць як яшчэ адзін унёсак ў папулярызацыю Беларусі. Як на сёння, няма нічога лепшага рэкамэндаваць англамоўным падарожнікам у нашую краіну.
Belarus. Bradt Travel Guides, 2008. 304 стар., isbn 978-1841622071.
Набыць можна на Amazon.co.uk | Amazon.com
Паводле сайта "Беларусы ў Вялікабрытаніі"