Прэзідэнт Латвіі наведаў Рыжскую Беларускую асноўную школу
У сераду, 25 лютага, прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі Валдыс Затлерс і спадарыня Ліліта Затлерэ наведалі Рыжскую Беларускую асноўную школу, каб сустрэцца з педагогамі і вучнямі і абмеркаваць магчымасці ўдасканалення сістэмы адукацыі ў Латвіі, у тым ліку, сістэмы адукацыі беларускай нацыянальнай меншасці. "Латвія заўсёды лічыла, што ўсе павінны мець магчымасць вучыцца на сваёй роднай мове. Негледзячы на тое, што ў нашай краіне пражывае 2,4 млн. чалавек, магчымасць вывучаць у асноўных школах восем моў – гэта каштоўнасць, якою мы павінны ганарыцца", – зазначыў прэзідэнт Латвіі падчас наведвання школы. Прэзідэнт азнаёміўся з актуальнымі пытаннямі, якія хвалююць беларускую школу і навучальныя установы нацыянальных меншасцяў, аглядзеў памяшканні школы, пагутарыў з настаўнікамі і падараваў вучням геаграфічную карту свету. У сваю чаргу, школьнікі сустрэлі прэзідэнта асаблівым музычным відовішчам, у час якога прагучалі песні на беларускай і латышскай мовах.Рыжская Беларуская асноўная школа з'яўляецца агульнаадукацыйнай школай, у якой навучанне вядзецца на беларускай і латышскай мовах. Задача школы заключаецца ў павышэнні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, захаванні і развіцці беларускай культуры ў Латвіі, фарміраваніі беларускай культурнай аўтаноміі, а таксама вывучэння латышскай мовы і асноў латышскай гісторыі і культуры. Згодна дадзеных Рэгістра жыхароў Упраўлення справамі грамадзянства і міграцыі, на пачатку гэтага года ў Латвіі пражывала 83 000 белорусаў (3,7% ад агульнай колькасці жыхароў). Паводле сайта "Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"