Польскае тэлебачанне адмовілася здымаць канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”

Разам з тым імпрэза не далічыцца і істотнага фінансавання, таму многім беларускім музыкам не ўдасца сёлета выступіць у Варшаве. 22 сакавіка ў Варшаве ў чацвёрты раз мае адбыцца канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”. Штогод у ім прымалі ўдзел беларускія ды польскія гурты. У прамым эфіры канцэрт паказвала польскае тэлебачанне і адпаведна яго спансіравала. Аднак сёлета тэлевізійшчыкі адмовіліся здымаць імпрэзу.Як распавёў адзін з арганізатараў “Салідарных” Ясь Віснеўскі, цяпер даводзіцца скарачаць спісы выступоўцаў. На канцэрт з Беларусі прыедзе гурт “Далі”, а таксама лідэр гурта “Jab Club” Яўген Валошын. Таксама выступіць былы ўдзельнік “Parason” Андрэй “Карп”, які цяпер жыве ў Варшаве, і беларуска-польскі праект “Мёд”.“У сувязі з праблемамі ў супрацоўніцтве з польскім тэлебачаннем мы маем вельмі вялікія бюджэтныя скарачэнні, якія прывялі да таго, што мы не можам нават аплаціць усім беларусам, якіх хацелі б запрасіць на канцэрт, коштаў гэтай паездкі. А таму ў адносінах да мінулага года, у параўнанні з 2008 годам, артыстаў будзе нашмат менш з-за недахопу грошаў”, - кажа Віснеўскі.Як паведаміў кіраўнік “Ініцыятывы Вольная Беларусь” Яцэк Каштэлянец, канцэрт адбудзецца ў любым выпадку.“Мы зробім усё, каб канцэрт адбыўся і канцэрт адбудзецца. Але велізарная страта - тое што мы робім канцэрт сярод іншага для таго, каб паказаць польскай грамадскасці тое, што адбываецца ў Беларусі, паказаць праблему, і з гэтага пункту гледжання паказ па тэлебачанні вельмі істотны”.Польскае тэлебачанне тлумачыць усё крызісам. Яна Свідэрская, сакратар па праграмных справах распавяла, што менавіта з-за крызісу яны не маюць грошай на падобныя мерапрыемствы.“У гэты момант у нас вельмі моцныя бюджэтныя скарачэнні. Калі нічога не зменіцца, то будзем вымушаныя адмовіцца ад розных праграмаў, не толькі ад гэтага канцэрту”.Спадарыня Свідэрская, кажа, што ва ўмовах крызісу паказ такіх падзеяў як канцэрт для іх становіцца дарагой раскошай.“Мы павінныя у першую чаргу паклапаціцца, каб сталыя праграмы нармальна выходзілі, ну, а канцэрт, гэта для нас своеасаблівая раскоша, якой мы вельмі хочам, але на якую няма цяпер сродкаў”.Арганізатары “Салідарных з Беларуссю” кажуць, што агулам бюджэт канцэрту скараціўся больш як ўдвая ў параўнанні з мінулым годам.Паводле "Еўрапейскага радыё для Беларусі"