"Заўсёды разам" — гэтая кніга прысвечана беларусам, якія ўпісалі найболей яркія старонкі ў гісторыю Новасібірска і вобласці. Яе аўтар — дырэктар Новасібірскага абласнога цэнтра беларускай культуры Н.Кабанава, рэдактар — Л.Бяляўская.
На вечар-партрэт сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вучоныя, педагогі, пісьменнікі — тыя, хто сваімі здольнасцямі, высокім прафесіяналізмам заслужылі любоў і павагу сібіракоў. Былі паказаны відэасюжэты пра кожнага героя кнігі, іх дапаўнялі “жывыя” інтэрв’ю. Цёплую атмасферу сустрэчы стварала асабістая прысутнасць герояў кнігі.Першыя яе раздзелы, як і відэасюжэты, пра тых, хто стаяў ля вытокаў аб’яднання беларусаў Новасібірска. А гэта — В. Галуза і А. Мітэр. Менавіта яны ў 90-я гады здолелі адшукаць і сабраць суайчыннікаў у Новасібірску, адрадзіць цікавасць да нацыянальных традыцый і роднай мовы, ініцыяваць стварэнне Цэнтра беларускай культуры. Годна прадстаўлены ў кнізе ветэраны Вялікай Айчыннай. Напрыклад, Сафія Цімафееўна Домант, цяпер старшыня савета клуба франтавых сустрэч “Сібірачка”, расказала пра сваё партызанскае юнацтва, пра атрад Смаленскага палка асобага прызначэння, з якім прайшла праз усю вайну. Было аб чым расказаць і Івану Якаўлевічу Ганчарову, удзельніку Сталінградскай бітвы. Ён і сёння, у свае 80 з лішнім гадоў, імкнецца ўвекавечваць імёны сібіракоў, якія загінулі ў той цяжкай бітве: ставіць ім помнікі, разам з аднадумцамі ўзводзіць капліцы, піша кнігі.Вельмі кранальнай была сустрэча на вечары двух Ганчаровых — Івана Якаўлевіча і Пятра Лазаравіча. Ім, прадстаўнікам розных прафесій (адзін — юрыст, другі — вучоны, акадэмік), але людзям аднаго пакалення з беларускімі каранямі, было што ўспомніць. Дарэчы, дзеячам навукі адведзена ў кнізе значнае месца. Ёсць сярод іх сусветна вядомыя вучоныя. З беларускімі каранямі, напрыклад, патрыярх савецкай геалогіі нафты і газу акадэмік А.А.Трафімук і выдатны вучоны-хімік, арганізатар навукі В.А.Капцюг. Пра супрацоўніцтва з імі ўзгадвалі на сустрэчы вучоны-селекцыянер, акадэмік П.Ганчароў і даследчык у галіне геамеханікі і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, акадэмік М.Курленя.Продкі нашых землякоў апынуліся ў Сібіры яшчэ на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, пазней нехта прыехаў на будоўлі або маладымі спецыялістамі па размеркаванні. Напрыклад, прыехаў з Беларусі і па заканчэнні Томскага універсітэта назаўсёды застаўся ў Сібіры В.Белкавец, цяпер ён загадчык кафедры Новасібірскага юрыдычнага інстытута. Не адразу, як ён гаворыць, прывык да сібірскага краю, яго людзей, “зборных, але адборных”. Пра гісторыю свайго жыцця ён і напісаў у нарысе “Я родам амаль з песні”. Гэтыя радкі можна лічыць лейтматывам жыцця і Н.Купавы. Ён трапіў у Сібір пасля вайсковай службы і вучобы, больш за 30 гадоў адпрацаваў у Тагучынскім лесгастэхнікуме. “Родам з песні” і тры сяброўкі, якія маладымі настаўніцамі прыехалі з Беларусі ў Сібір. Аб гэтым у сваім нарысе і на сустрэчы расказала Л.Смірнова. Яна, як і Л.Старавойтава і З. Сцепаненка, прысвяціла сваё жыццё рабоце з моладзю. 38 гадоў аддала школе і сельская настаўніца А.Асанава з Балотнінскага раёна.Госці з глыбінкі, запрошаныя на сустрэчу, былі асабліва рады магчымасці пагутарыць з новасібірскімі калегамі. Назаўжды “прыкіпела” да сваёй справы Т.Блінова — дырэктар цэнтра культуры і адпачынку пасёлка Горны Тагучынскага раёна. Тое ж можна сказаць і пра С.Осіпова з сяла Бергуль Паўночнага раёна, імя якога занесена ў “Залатую кнігу” Новасібірскай вобласці ў намінацыі “За вернасць прызванню”.На вечары дэманстраваліся і відэасюжэты пра беларускія фальклорныя калектывы Новасібірскай вобласці. Сярод іх добра вядомы бяргульскі фальклорна-этнаграфічны гурт “Зорушка”, фальклорны гурт “Зязюля” з вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна. Апошні, дарэчы, увайшоў у тройку пераможцаў Другога фестывалю самадзейных творчых калектываў беларусаў Расіі.Фальклорная тэма была прадоўжана і конкурсам відэафільмаў “Захаваем крыніцу дзедаўскіх традыцый”.Цікавай атрымалася і выстава, на якую сабралі плён працы майстроў спрадвечна беларускіх рамёстваў — з саломакі, гліны, а таксама ўзоры вышыўкі і ткацтва.
Паводле "Голаса Радзімы"