Беларуская дыктоўка ў Брусэлі
Беларуская дыктоўка ў Брусэлі прайшла ў прадстаўніцтве Славаччыны пры ЕС. А перад ёй беларускія эксперты заклікалі Раду ЕС працягнуць прыпыненне дзеяння санкцый яшчэ на паўгоду. У пастаянным прадстаўніцтве Славацкай Рэспублікі ў Еўрасаюзе пры падтрымцы «Офіса за дэмакратычную Беларусь» і фундацыі Понціс (Браціслава) прайшоў брыфінг беларускіх экспертаў.«Змены, што адбыліся ў Беларусі, з’яўляюцца касметычнымі, а нязначны прагрэс нівеляваны фактамі новых рэпрэсій. Тым не менш, згортванне дыялогу з Беларуссю было б найгоршым варыянтам для будучыні дэмакратыі ў краіне і для адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам», – прагучаў асноўны тэзіс выступленняў.Удзельнікі дыскусіі адзначалі, што пераўтварэнні ў Беларусі носяць паверхневы характар, далёкі ад сапраўднай лібералізацыі, бо зварот улад на Захад абумоўлены найперш неабходнасцю самазахавання і прыцягнення ў эканоміку новых рэсурсаў і інвестыцый.Тым не менш, адзначалі выступоўцы, развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю апошнім часам паспрыяла пэўнаму сціпламу пашырэнню прасторы для дзейнасці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі.Эксперты, прадстаўленыя дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталём Сіліцкім, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і незалежным журналістам Аляксандрам Тамковічам, заклікалі Раду ЕС працягнуць прыпыненне дзеяння санкцый яшчэ на паўгоду. Аналітыкі мяркуюць, што за гэты перыяд, ЕС мог бы прапанаваць Беларусі рэалістычныя і дакладна акрэсленыя ўмовы далейшага развіцця супрацоўніцтва. Са свайго боку, беларускія ўлады атрымалі б магчымасць ацаніць і ўзважыць наступствы, што пацягне скасаванне дыялогу з Еўрасаюзам у часе эканамічнага і фінансавага крызісу.Па заканчэнні дыскусіі была зладжана прэзентацыя трох кніг журналіста Аляксандра Тамковіча «Будзіцелі», «Жанчыны» і «Асобы», пасля чаго беларускія ўдзельнікі сустрэчы напісалі дыктоўку на тэкст «Родная мова», ініцыятарамі якой выступілі старшыня Славацкай місіі ў Бруселі Любамір Рэгак, Беларускі філосаф, журналіст і пісьменнік Уладзімір Падгол і «Офіс за дэмакратычную Беларусь».Паводле "Нашай Нівы"