Юбілейны альманах (Польшча)

У польскіх Крынках, што на Беласточчыне, выйшаў чарговы том альманаха “Год беларускі”.

Прыкметнымі цэнтрамі еўрапейскай культуры, аказваецца, могуць быць не толькі вялікія гарады, але і меншыя паселішчы, якія раней называліся мястэчкамі. Прыклад таму — Крынкі, якія знаходзяцца на Беласточчыне, у Падляскім ваяводстве (Польшча). Тут пражывае вядомы беларускі і польскі празаік і публіцыст Сакрат Яновіч, уганараваны ў апошнія гады некалькімі ўрадавымі ўзнагародамі, знаходзіцца грамадская фундацыя “Villa Sokrates”, якую ён узначальвае.Штогод дзякуючы фундацыі ў ваколіцах Крынак, на ўлонні прыроды, збіраюцца навукоўцы-беларусісты, масцітыя і маладыя, і абмяркоўваюць актуальныя пытанні беларускай гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства і культуралогіі слова. Даклады і паведамленні робяцца пераважна на беларускай мове. Але як данесці іх да чытачоў, якія ёю не валодаюць? Тэксты перакладаюцца на англійскую, нямецкую, рускую, французскую, чэшскую і іншыя мовы.Матэрыялы крынкаўскіх сустрэч штогод публікуюцца ў томе, які мае падвойную, лацінскую і беларускую назву “Annus Albaruthenicus=Год беларускі”. Толькі выйшаў з друку і быў ласкава дасланы Сакратам Яновічам у рэдакцыю газеты “Голас Ра-дзімы” дзесяты, у пэўным сэнсе юбілейны том альманаха, памечаны 2009 годам. У яго ўвайшлі грунтоўныя тэксты “Савецкая культура ў Беларусі” Юрыя Вашкевіча (Мінск), “Беларуская літаратура ў нямецкіх перакладах” Томаса Вайлера (Карлсруэ) і інш.Значную частку тома складаюць пераклады на беларускую мову вершаў англійскіх і ірландскіх паэтаў. Па-чэшску загучалі апавяданні беларускага празаіка Віталія Воранава, які жыве ў Познані (Польшча). У канцы змешчаны рэцэнзіі на эсэ Артура Клінава “Мінск” і раман “Чарнаруская хроніка хворых на праказу” польскага празаіка беларускага паходжання Эўгеніюша Кабатца.

Паводле "Голас Радзімы"