Акцыя салідарнасці ў Варшаве (Польшча)

У Варшаве прайшла акцыя прымеркаваная да штомесячнага Дня салідарнасці. Гэтым разам да салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў, беларусы Варшавы выказалі салідарнасць з удзельнікамі акцыі 14 лютага ў Менску, якая была гвалтоўна разагнаная.Падчас акцыі моладзь прайшла па вуліцах Варшавы да будынка беларускай амбасады, дзе правялі невялікі мітынг для таго, каб чарговы раз звярнуць увагу на пытанне зніклых амаль 10 гадоў таму Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадзкага. Аднак не толькі на гэтыя пытанні хацелі звярнуць увагу ўдзельнікі акцыі. Гаворыць адзін з арганізатараў Анатоль Міхнавец: "Гэта наша яшчэ адна акцыя на падзеі 14 лютага ў Менску, калі збівалі моладзь без усякай падставы. Мы хацелі выказаць, беларусы якія жывуць тут у Варшаве, свае меркаванне, сваю нязгоду, сваю салідарнасць з людзьмі, якія змагаюцца зараз на Беларусі. З палітыкамі, якія загінулі, з усімі, хто адчуў на сабе гвалт рэжыму".    Паводле "Радыё Рацыя"