БНП ушаноўвае памяць Я. Найдзюка і Г. Канапацкага (Польшча)

На 14 лютага прыпадаюць 25-я ўгодкі з дня смерці Язэпа Найдзюка, аўтара славутага гістарычнага нарыса "Беларусь учора і сяння", які памёр на выгнанні ў горадзе Інаўроцлаў (Польшча) у 1984 годзе.Язэп Найдзюк усё сваё жыццё прысвяціў Беларусі. Прайшоў шлях ад друкара да дырэктара Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, быў сябрам БХД, у 1929—1939 гадах - рэдактарам часопіса "Шлях моладзі".За сваю дзейнасць быў арыштаваны польскімі уладамі, сядзеў у сумна вядомым канцлягеры Бяроза-Картузкая. У часе ІІ сусветнай вайны працаваў у Мінску ў школьным інспектараце, дзейнічаў у шэрагах Беларускай народнай самапомачы. Перавыдаў другі раз сваю кніжку "Беларусь учора і сяння", якая ўжо паўсюдна выкарыстоўвалася як падручнік гісторыі. Ведаючы, што такое савецкая ўлада, быў вымушаны выехаць на захад і, хаваючыся ад пераследу, змяніў прозвішча на Александровіч.Сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці ўшанавалі памяць Язэпа Найдзюка, наведаўшы яго магілу ў Інаўроцлаве. Былі запаленыя свечкі памяці і праспяваны гімн "Магутны Божа". Наведалі таксама друкарню, якую стварыў і якой доўгія гады кіраваў наш зямляк. Яго там памятаюць і шануюць. На галоўным уваходзе змешчана вялікая шыльда па-беларуску і па-польску. Жывучы ў Польшчы, Язэп Найдзюк шмат зрабіў як для беларускай справы, так і для Польшчы. За сваю працу ў краязнаўстве і друкарстве стаў ганаровым грамадзянінам Інаўроцлава.Грамадоўцы БНП заехалі таксама на магілу Гасана Канапацкага, які знайшоў свой спачын у Быдгашчы. Запалілі свечкі каля магілы і каля памятнай шыльды на доме, дзе жыў беларускі ваяр.Гасан Канапацкі нарадзіўся 25 лютага 1879 г. у Мінску ў шляхецкай мусульманскай сям’і. Прымаў удзел у руска-японскай вайне, у першай сусветнай вайне. Пасля атручэння баявымі газамі быў пераведзены ў тылавы эвакуацыйны пункт у Мінску, дзе ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух.Уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі і быў назначаны камандзірам беларускага войска. Мела яно арганізавацца ў Слоніме і Баранавічах. Пасля адступленьня палякаў улетку 1920 году. Беларуская вайсковая камісія пераехала ў Лодзь, а ў 1921 годзе беларускія падраздзяленні былі распушчаныя.Палкоўнік Канапацкі ў міжваенны перыяд жыў у Вільні і працягваў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху. У 1928-1929 гадах загадваў рэдакцыяй часопіса "Беларускі радны".У час нямецкай акупацыі супрацоўнічаў з газэтай "Беларускі голас", якая выдавалася ў Вільні і быў старшынёю бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, у якой вучыўся ягоны сын Мацей, пазьнейшы журналіст "Нівы" і рэдактар беларускіх перадач на Беластоцкім радыё (1957-1964). У 1946 годзе пераехаў з сям’ёй у Быдгашч, дзе памёр 11 траўня 1953 году.Паводле сайта БНП