Ірына Дарафеева заспявала па-польску (Польшча)

У Гданьску адбыўся канцэрт Заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай і Прэзыдэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Арганізатарам культурнай акцыі “Музыка бязь межаў” выступілі Генэральнае консульства Беларусі ў Гданьску й Польская Балтыйская філярмонія імя Фрыдэрыка Шапэна.

Ірына Дарафеева ў суправаджэньні аркестра выканала песьні на беларускай, польскай, рускай ды ўкраінскай мовах, у тым ліку з рэпэртуару Маі Крысталінскай, Анны Герман, гурту “Чэрвонэ гітары”. А Прэзыдэнцкі аркестар пакарыў гледачоў выкананьнем беларускіх народный мэлёдый у сучаснай аранжыроўцы, а таксама энэргічнай інтэрпрэтацыяй у джазавым стылі фрагмэнтаў з “Прывіда опэры” кампазытара Эндру Лойда Вэбэра. Бурлівыя авацыі выклікала выкананьне музыкантамі палянэза “Разьвітаньне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.

Пасьля канцэрту нашае радыё задало некалькі пытаньняў Ірыне Дарафеевай.

Ірына! Пасьля вялікага беларускага канцэрту, які прайшоў у Варшаве ў сьнежні, Вы сказалі, што лічыце горад Зялёну Гуру амаль родным. Ці пасьля сёньняшняга канцэрту Гданьск стане вашым родным горадам?

І. Дарафеева: Гэта ўжо адбылося. Гданьск нас так добра сустракаў, столькі добрых эмоцый, пажаданьняў я адчула сёньня: вельмі родныя, чалавечыя адносіны, якія павінны быць заўсёды паміж Польшчай і Беларусьсю. У мінулым годзе я атрымала Гран-пры фэстывалю расейскай песьні ў Зялёнай Гуры, і пасьля яго я спадзявалася, што буду часьцей бываць у Польшчы. І так здарылася! Вялікі дзякуй нашаму консулу ў Гданьску Руслану Есіну, што ён падрыхтаваў гэтую сустрэчу.

Я ведаю, што да гэтага канцэрту Вы даўно рыхтаваліся. Ці спэцыяльна выбіралі рэпэртуар?

І. Дарафеева: Так, канечне, рэпэртуар адрозьніваецца ад тых канцэртаў, якія я раблю ў Беларусі. Я ня так часта маю магчымасьці прыязджаць з Прэзыдэнцкім аркестрам, такія канцэрты бываюць 1-3 разы ў год. Мне пашанцавала сьпяваць сёньня песьню Севярына Краеўскага, і я памятаю, што ён нарадзіўся ў Гданьску. Песьня “Рэмедыум” з рэпэртуару гурту “Чэрвонэ Гітары”, які любяць у Беларусі, проста цудоўная! Спадзяюся, што я яшчэ ня раз выступлю ў Гданьску.

Большасьць працы па арганізацыі канцэрту выканала Генэральнае консульства Беларусі ў Гданьску, хоць ідэю арганізаваць выступленьне падказалі гданьскія беларусы. Гаворыць генэральны консул Руслан Есін.

Р. Есін: Гэтая ідэя нарадзілася невыпадкова, а імпульс далі беларусы, якія тут пражываюць. Гэта нашыя суайчыньнікі, якія воляй лёсу апынуліся ў Гданьску: некаторыя працяглы час пражываюць, некаторыя нядаўна прыехалі. Аднак галоўнае, што іх аб’ядноўвае каханьне да нашай Радзімы. Безумоўна, вырашылі шматлікія просьбы нашых суайчыньнікаў і любіцеляў Беларусі – паверце, тут, на Памор’і многа людзей, якія сёньня працуюць зь Беларусьсю й робяць усё, каб нашыя адносіны былі як мага мацнейшымі. Я б хацеў зазначыць, што разьвіцьцю адносін дапамагае пазытыўны дыялёг, які ўсталяваўся паміж беларускімі рэгіёнамі й Паморскім ваяводзтвам. І вось, мы разам думалі, як зрабіць гэтае мерапрыемства, і я вельмі рады, што рэгіянальныя й гарадзкія ўлады падтрымалі ініцыятыву Генэральнага консульства й Балтыйскай філярмоніі, дзякуючы якой і адбыўся гэты канцэрт. Я хачу сказаць, што гэта ня толькі сьвята для беларусаў, гэта сьвята для ўсіх жыхароў Гданьска, усяго Памор’я. Упершыню такі беларускі культурны дэсант высадзіўся ў Гданьску.

Паводле старшыні таварыства “Беларусь-Памор’е” Яна Гайдэля, беларусам ды выхадцам зь Беларусі, якія пражываюць у рэгіёне, не хапае кантакту зь беларускай культурай.

Я. Гайдэль: Беларусы й выхадцы зь Беларусі, а іх нямнога, крыху больш за тысячу чалавек, а таксама палякі, якія маюць беларускія карані, імкнуцца да беларускай культуры. Калі ж казаць пра сёньняшні канцэрт, дык, мне здаецца, што публіка не спадзявалася, што выступ пройдзе на вялікім мастацкім узроўні.

Дарэчы, спэцыяльна на выступ у Гданьску польскі кампазытар Кшыштаф Шараньскі напісаў для Ірыны Дарафеевай песьню “Анёлы й сьнег”. Артыстка выканала твор на польскай мове.

Пасьля канцэрту беларускія артысты ўсклалі кветкі ля мэмарыяла савецкім жаўнерам, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны, а таксама ля памятнага знака Янку Купале ў Гданьску.

Паводле "Польскага радыё для замежжа"