Суполка “Нёман” аб’ядноўвае сяброў у расійскім горадзе Тальяці.
Калі ўзводзіўся аўтазавод на Волзе, а гэта былі 1967-68 гады, то на ўдарную будоўлю па камсамольскіх пуцёўках ехала моладзь, мусіць, з усяго Саюза. “Сапраўды, раней у Тальяці, наколькі нам вядома, працавала каля шасці тысяч беларусаў. Першапраходцы Волжскага аўтазавода сёння ці не ўсе на пенсіі, і мы ўжо трэцяе пакаленне беларусаў у горадзе”,— разважае мая субяседніца, намеснік старшыні тальяцінскага Цэнтра беларускай культуры “Нёман” Людміла Дзёміна. І з гордасцю дадае: “Прычым менавіта мы — самыя актыўныя. Гэта ўсе прызнаюць. Мне кажуць: от цяпер відаць, што за людзі беларусы! Магу смела заявіць, што наша беларуская арганізацыя — самая моцная ў Самарскай вобласці. А наша “Купалінка” — адзіны ў рэгіёне калектыў, які не проста мае ў рэпертуары шмат беларускіх песень, але і “жывы голас” на канцэртах”. На пачатку года, калі ВАЗ з-за фінансавага крызісу адправіў работнікаў “на канікулы”, Людміла Іванаўна з сяброўкамі Таццянай Палехінай і Людмілай Плаксінай, таксама беларускамі, пабывала на Радзіме. Спачатку адправілася ў Бабруйск: там страчалася з аднакласніцамі і былой класнай кіраўніцай Н.Тарапоўская, якой цяпер 91 год. Шмат у Дзёмінай сяброў і на “Белшыне”, дзе яна, закончыўшы тэхнікум, працавала тэхнолагам. Вазаўскія “Лады” і “Нівы”, як вядома, “абуваюць” у беларускія шыны, і для Людмілы Іванаўны гэты факт лёсавызначальны: з Тальяці ў Бабруйск, на шынны камбінат, у 85-м быў камандзіраваны яе будучы муж. Вышэйшую адукацыю атрымала ўжо ў Расіі, цяпер працуе вядучым інжынерам на ВАЗе. “Каб любіць Беларусь нашу родную, трэба ў розных краях пабываць...” Гэтыя радкі часта згадваюць нашы суайчыннікі, спрабуючы вытлумачыць настальгію і тое, чаму аддаюць вольны час “беларускай справе”. І ў таварыстве “Радзіма”, куды прыехала Л.Дзёміна і яе сяброўкі, жанчыны ўспаміналі гісторыю стварэння і суполкі “Нёман”, і ансамбля “Купалінка”. Беларусы зарэгістравалі аб’яднанне ў Тальяці яшчэ ў 2002 г., але толькі з 2005-га пачалі “выходзіць на людзі” з культурнымі праектамі. “Вельмі дапамаглі тады нам супрацоўнікі таварыства “Радзіма”, асабліва арганізаваныя імі ў 2005-м курсы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці, — успамінае Л.Дзёміна. — Можа, трохі патэтычна прагучыць, але “Ра-дзіма” — гэта як сэрца ў нашай рабоце”. З часу курсаў у яе моцныя сувязі з беларускімі гуртамі “Церніца” і “Вербніца”, а таксама з лідэрамі беларускіх суполак з Вісагінаса, Вільнюса, Растова-на-Доне, Новасібірска... Ёсць і перапіска, і сустрэчы. Гэтыя сувязі, лічыцьмастацкі кіраўнік “Купалінкі”, вельмі шмат даюць. Адну з апошніх сустрэч аднадумцам падарылі ў чэрвені 2008-га ў беларускім пасольстве ў Маскве: там прайшоў конкурс-фестываль беларускіх калектываў. Сабралася 15 гуртоў з усёй Расіі, а самым юным удзельнікам свята быў Віталік — 9-гадовы ўнук Людмілы Іванаўны.Стварыць мастацкі калектыў тальяцінскіх беларусаў падштурхнуў прыклад украінцаў і чувашоў. Яны спявалі, і відаць было адразу, што народная песня — самая выйгрышная “візітка” для любой нацыянальнай суполкі. Цікавая дэталь: выбіраючы назву, артысткі разбітную “Лявоніху” не прынялі – узялі пяшчотную “Купалінку”. Ствараўся гурт, у якім цяпер дзесяць чалавек, да Свята вызвалення Беларусі, жанчыны самі пашылі сцэнічныя касцюмы і якраз 3 ліпеня 2005 г. адбыўся іх творчы дэбют. “Сабралі мы ў кафэ, праз ваенкамат, ветэранаў родам з Беларусі і тых, хто вызваляў Беларусь, — расказвае Л.Дзёміна. — Было больш за 60 гасцей і ўдзельнікаў. Зрабілі амаль спектакль, галоўная ідэя якога: жанчыны і дзеці чакаюць мужчын з вайны. Спявалі песні, папулярныя ў ваенны час, былі розныя сцэнкі, і ветэраны дзяліліся ўспамінамі... “Важна, што суполка “Нёман” не замыкаецца на рабоце з вузкім колам беларусаў, а цесна супрацоўнічае з мэрыяй, з іншымі нацыянальнымі аб’яднаннямі. Цяпер у рэпертуары “Купалінкі” больш за 20 песень, выпушчаны дыск з відэаматэрыяламі. Артысты за свае грошы набылі канцэртны баян, маюць прыгожыя сцэнічныя касцюмы. Канцэртмайстрам у іх выкладчык музыкі Аляксандр Толчак. Летась з вялікім розгаласам беларусы зладзілі хлебасольнае свята “Дажынкі”, запомніўся гараджанам і праект “Беларускія песні над Волгай”. “Купалінку” часта запрашаюць на гарадскія святы, фестывалі, у школы, на сустрэчы з ветэранамі. Дарэчы, месцам для рэпетыцый гурта стала бюро па сацыяльнай рабоце з пенсіянерамі Аўтазаводскага раёна, якое ўзначальвае Вера Скібінская, таксама беларуска. Ёсць у Тальяці і Дом дружбы, дзе сярод 23 іншых нацыянальных аб’яднанняў мае свой стэнд і “Нёман”: інфармацыя пра Беларусь і суполку, кнігі, фотаздымкі... Аднак тое месца — на другім канцы горада, куды трэцяму пакаленню тальяцінскіх беларусаў цяжэй дабірацца (усе ж працуюць на ВАЗе). ...І на гэты раз нашы зямлячкі вярнуліся ў Тальяці з важкімі набыткамі. Яны папоўнілі веды пра фальклор, прыгледзелі новыя песні для рэпертуару “Купалінкі” (збіраюцца адзначыць спачатку Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана, а летам і 65-годдзе вызвалення Беларусі). Вяліся перамовы пра ўстанаўленне пабрацімскіх сувязяў Тальяці з Бабруйскам і Ваўкавыскам. “А яшчэ я ўнуку беларускі “Буквар” павязу, — радавалася Людміла Дзёміна. — У нас ёсць настаўніца, якая мову добра ведае, Віталіку дапаможа. Так што, думаю, беларускі дух у Тальяці не загіне...”Паводле газеты "Голас Радзімы"