Аб’яднанне бацькоў АБ-БА ў чарговы раз сабрала настаўнікаў беларускай мовы з усяго Падляшша. Нагодай для сустрэчы стала выданне АББА-й двух дыдактычных дапаможнікаў – настольных гульняў на беларускай мове.
Патрэба ў стварэнні такіх гульняў існавала даўно, бо такога прадукту ні на беларускім, ні тым больш на польскім рынку не было. Існуе цэлы шэраг гульняў на польскай ды на расейскай мове, а вось беларускамоўныя настольныя гульні – вялікая рэдкасць.
Аўтарам новавыдадзеных гульняў з’яўляецца Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы з беластоцкай “чацвёркі”. Гульні, выдадзеныя АББА-й- гэта арфаграфічная гульня пра правілы выкарыстання "у" і "ў", другая – больш краязнаўчая – “Ад Буга за Нарву. Або падарожжа з Мельніка ў Ячна”, якая апрача самой гульнявой планшы ўключае ў сябе інфармацыі пра розныя мясцовасці Падляшша, пра цікавінкі, звязаныя з гэтымі мясцінамі, ды пра беларускія імпрэзы, якія ладзяцца на Падляшшы. Выдаўцы спадзяюцца, што іх дапаможнікі прыйдуцца даспадобы і настаўнікам, і вучням, і што гэта не апошняе выданне такога тыпу.
Паводле "Радыё Рацыя"