Беларуская мова - дапаможная (Польшча)

Жыхары Арлянскай гміны могуць афіцыйна карыстацца беларускай мовай! Паводле закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях такое права маюць гміны ў якіх пражывае мінімум 20 адсоткаў жыхароў якія карыстаюцца мовай меншасці, у Орлі беларусы больш чым у тры разы перавышаюць гэты адсотак, аднак дзеля ўвядзення мовы меншасці як дапаможнай патрабуецца таксама рашэнне мясцовых уладаў якое было прынятае сёння.

Рада гміны аднагалосна прыняла рашэнне аб увядзенні як дапаможнай Беларускай мовы. Войт Арлянскай гміны Пётр Сэлвэсюк падзякаваўшы райцам пасля галасавання падкрэсліў што рашэнне было безумоўна абгрунтаваным паколькі падчас правядзення нацыянальнага спісу насельніцтва польшчы 70 адсоткаў жыхароў гміны прызнала сябе беларусамі, а тым самым з’яўляецца большасцю на гэтай тэрыторыі і не так ужо важна што мясцовы дыялект нязначна адрозніваецца ад літаратурнай беларускай: "Я вельмі добра разумею што мясцовая мова гэта не чыста літаратурная, але тым больш не украінская. Гэта мясцовы беларускі дыялект", - адзначыў войт. Арлянская з’яўляецца першай вясковай гмінай якая увяла беларускаю мову як дапаможную і як заявіў старшыня гміннай рады Аляксандар Клін у хуткім часе можам спадзявацца чарговых крокаў у гэтым напрамку:"Беларускамоўныя назовы мясцовасці зробім хутка і добра, і на чарговай сесіі рады гміны такая пастанова будзе ўведзеная". Чарговая сесія запланаваная на сакавік, усяго засталося месяц, але вядома што ад рашэння рады гміны працэдура ўвядзення указальнікаў на беларускай мове працягнецца некалькі месяцаў.

Паводле"Радыё Рацыя"