“Новы шлях для Беларусі” арганізаваў сустрэчу з пісьменнікам Ул. Арловым (Эстонія)

У Эстоніі пісьменнік быў на запрашэнне арганазацыі “Новы шлях для Беларусі” – беларускага клуба, толькі што створанага ў Таліне высілкамі палітуцекача Паўла Марозава. Адна з мэтаў – аб’яднаць уласна беларусаў Эстоніі, якіх налічваецца ля 18 тысячаў.Сустрэча прайшла ў старой камяніцы на Ратушным пляцы ў самым цэнтры эстонскай сталіцы. Тэма для размовы тычылася найперш гісторыі, культуры і дэмакратычных традыцый у беларускай гісторыі. Як зазначыў Уладзімір Арлоў, дзве Беларусі існуюць і ў межах гэтай дыяспары.- Сабралася ўдвая болей людзей, чым чакалі арганізатары. Беларусы з Таліна ды іншых эстонскіх гарадоў. Прыйшлі людзі розных, часам процілеглых поглядаў. На жаль, дзве Беларусі існуюць і ў нашых дыяспарах. Таму сустрэча была бурнай, было сапраўды тое, што называецца дыскусіяй, часам, праўда, у апанентаў не хапала аргументаў і яны крычылі: “Пры чым тут рускія!”, калі мы казалі пра расійскіх уладароў і бясконцыя войны Вялікага Княства з Маскоўскай дзяржавай.Яшчэ адна тэма сустрэчы – гістарычная сувязь Эстоніі і Беларусі. На гэты конт Уладзімір Арлоў зазначыў, што дадзеная тэма толькі чакае сваіх даследчыкаў, хоць сам гісторык і пісьменнік  ўзрадаваўся таму факту, што некаторыя з прысутных ведалі, што ў Таліне была вайскова-дыпламатычная місія БНР, якая ў 1920 годзе выдала больш за тысячу пашпартоў грамадзянаў БНР. Лучыць з Эстоніяй Арлова і асабісты факт з яго біяграфіі.- Першымі перакладамі маіх яшчэ юначых літаратурных практыкаванняў былі не на расійскую мову, што было бы тыпова для таго часу, а на эстонскую. Менавіта на эстонскую была перакладзена і надрукавана мая аповесць “Вярталіся мы”, а таксама эстонцы першымі пераклалі маё эсэ “Незалежнасьць – гэта…”. Беларуска-эстонская арганізацыя “Новы шлях для Беларусі” плануе пашыраць сваю дзейнасць. На сустрэчы было заяўлена, што паседжанне беларускага клуба будзе праходзіць штомесяц і не толькі ў Таліне, але і ў Нарве, Йіхве, Сіламяе, дзе пражывае большасць эстонскіх беларусаў.Паводле "Радыё Рацыі"