У складзе Кансультацыйнай Рады пры прэзідэнце Латвіі – "сьвітанкавец" Вячка Целеш

Са студзеня бягучага года зноў пачала сваю дзейнасць Кансультацыйная Рада па справах нацыянальных меншасцяў пры прэзідэнце Латвіі. У яе склад увайшлі 16 прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Сярод іх – вядомы грамадскі і культурны дзеяч, кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі  – ордэна Трох Зорак – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш,  сябра Рады Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак».
 
Да 1998 года пры прэзідэнце Латвіі існавала Кансультацыйная Рада па справах нацыянальных меншасцяў. У межах яе дзейнасці прадстаўнікі нацменшасцяў рэгулярна абмяркоўвалі свае праблемы з кіраўніком дзяржавы. Пазней, пасля абрання прэзідэнтам Вайры Віке-Фрэйбергі,  Рада спыніла сваю дзейнасць, а яе функцыі былі перададзеныя міністэрству па справах інтэграцыі. Напрыканцы мінулага года ў мэтах эканоміі міністэрства было расфарміраванае. Прэзідэнт Латвіі Валдыс Затлерс прыняў рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Рады па справах нацыянальных меншасцяў. 18 студзеня кіраўнік дзяржавы зацвердзіў 16 членаў Рады – ўсе яны прадстаўнікі нацменшасцяў.
У склад Рады таксама ўвайшлі:
Рамуальд Ражукс, Латвійскае літоўскае таварыства – старшыня Кансультацыйнай Рады,
Раман Аліеў, старшыня Кансультацыйнай  Рады па пытаннях адукацыі нацыянальных меншасцяў міністэрства адукацыі і навукі,
Алдыс Эрманбрыкс, старшыня таварыства ліваў "Livod it",
Раффі Хараджанян, старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі,
Іларыён Іваноў, старшыня таварыства старавераў Латвіі,
Ніно Якабідзэ, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства "Шамшобло",
Петэрыс Кейшс, выканаўчы дырэктар Рэзэкненскага латгальскага культурнага таварыства,
Ванда Крукоўска, старшыня Саюза палякаў Латвіі,
Нормунд Рудэвіч, віцэ-прэзідэнт міжнароднага аб'яднання цыганоў,
Аркадзь Сухарэнка, старшыня Рады габрэйскіх таварыстваў Латвіі,
Алена Мацьякубава, старшыня Латвійскага рускага культурнага таварыства,
Аляксей Шэйнін, старшыня выдавецкага дома "Petits",
Віктар Стэфановіч, старшыня Саюза ўкраінцаў Латвіі,
Пірэта Валма, старшыня эстонскага таварыства Латвіі,
Зуфар Зайнуллін, старшыня Латвійскага татарска-башкірскага таварыства «Чышма»
Першае пасяджэнне Кансультацыйнай  Рады нацменшасцяў Латвіі прайшло напрыканцы студзеня бягучага года. Падчас яго адбылося знаёмства прэзідэнта Латвіі Валдыса Затлерса  з членамі Рады, абмеркаваныя асноўныя прынцыпы дзейнасці Кансультацыйнай Рады і накірункі працы.

Паводле "Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"