У інтэрвію нашай радыёстанцыі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла камэнтуе падпісаныя ў Маскве беларуска-расейскія дамоўленасьці. Зь ёю гутарыць Дзьмітры Гурневіч.
Вы напэўна сочыце за падзеямі ў Беларусі і чытаеце пра тое, што адбываецца на Бацькаўшчыне. Як Вы ўвогуле ацэньваеце паведамленьні пра гэтак званую лібэралізацыю, якая адбываецца ў эканамічным і грамадзкім жыцьці?
І. Сурвіла: Я лічу, што гэта чыстая гульня Лукашэнкі. Гэта гульня з Захадам, каб “выцыганіць” нешта ад Расеі. Пакуль ён не пачаў арыштоўваць і змушаць маладых беларусаў ісьці ў войска, пакуль не падпісаў дамоваў у Маскве, я сапраўды верыла, што нешта зьмянілася. Лукашэнка меў надзвычайную нагоду зьмяніць сваю палітыку й папросту давесьці Беларусь да нармальнага становішча. Але ён толькі забаўляўся, каб здабыць нешта ад Расеі. Так што гэтая шчырасьць да Расеі, аб якой ён гаворыць, абсалютна нікога ня дзівіць.
На днях ён даў інтэрвію журналістам каналу Эўраньюс, якое працягвалася каля васьмі хвілін. Адказваючы на адно з пытаньняў, Лукашэнка сказаў, што, на ягоную думку, мэта геапалітычнага існаваньня Беларусі ў цэнтры Эўропы ў тым, каб злучыць усход і захад Эўропы. Беларусь павінна быць такім мостам. Дык можа гэтым варта патлумачыць, чаму Лукашэнка хоча падтрымліваць добрыя адносіны таксама з Расеяй, як і з Захадам, каб быць гэтым мостам і зарабляць на гэтым?
І. Сурвіла: Гэта вельмі добрае тлумачэньне ягонай цяперашняй палітыкі. Але, на маю думку, гэта павінны даводзіць таксама факты, якія б спрыялі дэмакратыі. Лукашэнка, наадварот, ідзе на велізарныя саступкі для Масквы. Таму я думаю, што тут справа не ў абароне Беларусі, ня ў тым, каб знайсьці лепшае месца паміж Усходам і Захадам. Тут проста відаць стараньні вытаргаваць тое, што магчыма для сябе. І вялікая прыхільнасьць у бок Расеі. Я ня веру больш у ягоныя добрыя адносіны з Эўропай. Гэта недапушчальна. Апошнія ягоныя дзеяньні ў Беларусі абсалютна не адпавядаюць гэтай палітыцы.
Але адначасова Эўропа працягвае яму руку да супрацоўніцтва й фактычна не звяртае цяпер увагі на парушэньне правоў чалавека, хаця раней рэагавала вельмі востра. Час ад часу ёсьць нейкія рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту, але яны ня маюць ніякай сілы, таму што гэта не заканадаўчая ўлада, не выканаўчая. Іхнія рэзалюцыі маюць рэкамэндацыйны характар.
І. Сурвіла: Я думаю, што Эўропа працягвае сваю палітыку. Магчыма, за гэтым стаіць іншая, ня менш важная мэта. Напрыклад, не дазволіць Маскве зрабіць зь Беларусі другую Асэтыю. Я думаю, так можна патлумачыць палітыку Эўропы. І таксама мы вельмі шмат працавалі на тое, каб Эўропа дапамагла беларускай краіне стаць вольнаю. Яна выказвае вялікую прыхільнасьць не да Лукашэнкі, а да беларускага народу.
Вы казалі пра тое, што вось гэтыя пагадненьні могуць зрабіць Беларусь другой Паўднёвай Асэтыяй. Вы думаеце, што гэта магчыма?
І. Сурвіла: Абсалютна. І Беларусь, і Эстонія пад такой пагрозай. І балтыйскія краіны таксама, хоць яны мацнейшыя за нас. Пасьля Беларусі будзе Ўкраіна. Расея працягвае будаваць сваю новую імпэрыю. Яна будзе гэта рабіць так доўга, пакуль яе не пабудуе. Таму найбольшая небясьпека для беларускага народу - гэта імпэрыялістычная палітыка Расеі. Якім чынам можа гэта рабіць? Па-першае, ужо ёсьць акупацыя мілітарная. Гэта поўная акупацыя, бо войскам будзе кіраваць Масква, а не Беларусь. Па-другое, аднолькавыя правы, аб якіх зараз таксама гаворыцца ў дамовах. Гэта значыць, у Беларусі будзе штораз больш расейцаў, будуць русыфікаваць беларускі народ. А з гэтага вынікае, што спакойна, безь ніякай вайны, зробяць рэфэрэндум. Напэўна зноў яго сфальсыфікуюць і далучаць Беларусь, так як Асэтыю, да зоны ўплыву.
А што, на Вашую думку, павінны зрабіць беларусы ў гэтай сытуацыі?
І. Сурвіла: Трэба, каб кожны беларус разумеў, што іхняя краіна, іхняя дзяржава ў небясьпецы. Што зараз час, каб паказаць сваю любоў да дзяржавы. Трэба дэманстраваць, паказваць паўсюль, дзе толькі магчыма, сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Са свайго боку мы, беларуская дыяспара, робім усё магчымае, каб здабыць прыхільнасьць Захаду да беларускага народу, каб яны не дапусьцілі новага зьнішчэньня Беларусі. Я думаю, што разам мы, калі аб’яднаемся, возьмемся за працу й пойдзем на пратэсты, нешта здабудзем. Здабудзем вольныя выбары й зьмену цяперашняга рэжыму.
Размаўляў Дзьмітры Гурневіч, БСПР