У гасцях у Лявоніхі Навасібірску (Расія)

У Новасібірску і вобласці добра ведаюць штогадовы фестываль “У гасцях у Лявоніхі”, які праводзіць абласны цэнтр беларускай культуры.

Свята па традыцыі робіцца шматгранным і маляўнічым, яго любяць і чакаюць не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў гэтага расійскага рэгіёна. Між іншым, два апошнія гады “Лявоніха” праводзілася ў райцэнтрах вобласці. У 2007-м у горад Ардынск прыязджала 26 самадзейных калектываў, а таксама асобныя выканаўцы і майстры мастацтваў з 12 раёнаў. А ў снежні 2008-га галоўных герояў — Лявона і яго жонку Лявоніху — прымаў Тагучынскі раён. Акрамя прадстаўнікоў 14 раёнаў Новасібірскай вобласці, у фестывалі прыняў удзел фальклорны гурт “Ленушка” з Іркуцка, які прыўнёс свой яркі каларыт. Непаўторным па манеры выканання і касцюмах быў фальклорны ансамбль “Зязюля” з вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна. Вось дзе сабраліся сапраўдныя носьбіты беларускай песеннай культуры і мовы! Народныя беларускія традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне беларускіх перасяленцаў. Хоць многія з іх ніколі не былі ў Беларусі.Ансамбль народнай песні “Сібірскі ўзор” з сяла Смаленка пад кіраўніцтвам Іны Кісялёвай, народны ансамбль “Матаня” Кочанеўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Васіля Балыкіна, салістка Алена Дзедава з сяла Нова-Міхайлаўка Кочанеўскага раёна, саліст Ігар Куранкоў з сяла Пушное Чарапанаўскага раёна… Спіс гэтых, ужо вядомых выканаўцаў і калектываў папоўнілі імёны новых удзельнікаў. На вясёлы фестываль сабраліся не толькі дарослыя, але і дзіцячыя фальклорныя калектывы. Да прыкладу, прыехаў дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Весялуха” з Маслянінскай школы мастацтваў, якім кіруюць Ганна і Яўген Доўбавы. Гэты калектыў, дарэчы, стаў уладальнікам Гран-пры Другога дзіцячага фестывалю-конкурсу “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”. На свяце гучалі таксама галасы дзяцей з вёскі Баратаеўка Балотнінскага, сяла Вагайцава Ардынскага раёнаў, станцыі Мачышча.Вельмі прыемнае ўражанне пакінулі гаспадары — калектывы Тагучынскага, Гарноўскага і Гутоўскага цэнтраў культуры і адпачынку. Запомнілася ўсім і выступленне салісткі ансамбля “Ляйсэн” з татарскага абласнога цэнтра культуры — яна выканала песні на беларускай мове і на сваёй роднай. Такі “творчы саюз” становіцца традыцыяй гэтых двух цэнтраў культуры.Перагортваючы старонкі гісторыі свята, я ізноў вяртаюся да першага фестывалю “У гасцях у Лявоніхі”, які праводзіўся ў 2002 годзе. Ніхто тады і не меркаваў, што гэтае свята будзе мець добры працяг. Сёння ж відавочна: пакуль спяваюць песні і танцуюць беларускія танцы — будзе жыць у Сібіры адметная культура.У новасібірскай настаўніцы Л.Смірновай (справа) — беларускія караніНа здымку: У новасібірскай настаўніцы Л.Смірновай (справа) — беларускія карані.

Паводле газеты "Голас Радзімы"