Дзень Рэспублікі Беларусь адкрые 10-ы юбілейны Вільнюскі кніжны кірмаш, які пройдзе з 12 па 15 лютага ў павільёне "ЛітЭкспа". Аб гэтым паведаміла кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Шыцік.
Буйнейшы кніжны форум краін Балтыі - 10-ы Вільнюскі кніжны кірмаш - у гэтым годзе прысвечаны такім важным падзеям, як аб'яўленне Вільнюса ў 2009 годзе культурнай сталіцай Еўропы, а таксама тысячагоддзю з часу першага пісьмовага ўпамінання Літвы. У рамках кірмашу плануюцца больш як 200 розных мерапрыемстваў, галоўная тэма якіх - агульнае гістарычнае мінулае Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы, гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Дзень адкрыцця кірмашу, 12 лютага, галоўны не толькі для яго арганізатараў, але і для беларускіх экспанентаў, якім давялося першымі рознабакова прадставіць сваю краіну і даць старт розным кірмашовым дзействам. У Дзень Рэспублікі Беларусь - менавіта такую назву атрымаў беларускі кніжны дзень - прадугледжана праграма мерапрыемстваў, якая дасць магчымасць наведвальнікам кніжнага форуму бліжэй пазнаёміцца з кнігавыданнем Беларусі, новымі выдавецкімі праектамі, у тым ліку тымі, якія асвятляюць тэму Вялікага княства Літоўскага. Спецыялісты ў галіне гісторыі, краязнаўства, культуралогіі і ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у рабоце арганізаванага выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі" круглага стала "Беларусь - Літва: пагранічча добрасуседства ў кантэксце агульнай гісторыі і сучаснасці". У дзіцячай зале павільёна "ЛітЭкспа" ўвазе наведвальнікаў кірмашу будзе прапанавана экспазіцыя ілюстрацый да дзіцячых выданняў і кніжная графіка маладога таленавітага беларускага мастака Рамана Сустава. Тут жа пройдзе канцэрт узорнага ансамбля народнай музыкі "Гулянок" дзіцячай школы мастацтваў імя М.К.Агінскага (г.Смаргонь). Калектыўная экспазіцыя "Друкаваныя выданні Рэспублікі Беларусь" прадэманструе больш як 300 назваў лепшых выданняў 2008-2009 гадоў выпуску, друкаваныя СМІ, а таксама картаграфічную прадукцыю. У ліку апошняй - унікальны па аб'ёму гістарычнай інфармацыі, вялікафарматны "Вялікі гістарычны атлас Рэспублікі Беларусь" (Т.1). Фундаментальнае навукова-даведачнае картаграфічнае выданне, якое ахоплівае найбольш раннія перыяды нашай гісторыі - ад выяўлення слядоў першабытнага чалавека на тэрыторыі беларускай дзяржавы да 1569 года, - будзе ўпершыню прадстаўлена за мяжой менавіта на кніжным кірмашы ў Вільнюсе.Паводле "БЕЛТА"