Беларуская школа чакае будучых вучняў (Латвія)
З 15 студзеня латвійскія школы пачалі прымаць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Апошні тэрмін падачы дакументаў – 1 красавіка. Чакаюць будучых вучняў і ў Рыжскай Беларускай асноўнай школе.З гэтае нагоды – некалькі пытанняў да дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганны Ўладзіславаўны Іванэ.– Ці ёсць нейкія патрабаванні да будучых вучняў? Маецца на ўвазе, штосьці накшталт прыёмных экзаменаў...– Такая праверка недазваляецца законам. Таму, калі вашаму дзіцятку прыйшоў час ісці ў школу – а згодна закона “Аб агульнай адукацыі” у першы клас залічваюцца дзеці, якім у гэтым годзе споўнілася сем гадоў – калі ласка, да нас у школу! – А калі дзіця не ведае ні воднага беларускага слова... – Якраз для гэтага і існуе наша школа, каб навучыць дзяцей беларускай мове. І не толькі беларускай, але і латышскай, расейскай, ангельскай. Добра, калі будучы першакласнік займаўся ў падрыхтоўчай групе нашай школы. Тут для будучых нашых вучняў наладжаны заняткі па беларускай мове, а таксама яны знаёмяцца з латышскай і ангельскай мовамі, якія ў школе выкладаюцца ўжо з першага класа. Заняткі ў падрыхтоўчай групе ў нашай школе пачаліся з кастрычніка мінулага года. І на сённяшні дзень группа цалкам укамплектавана.– Ці не здарыцца так, што, калі дзіця не наведвала падрыхтоўчую групу, вы можаце адмовіць яму ў прыёме...– Такіх абмежаванняў не прытрымліваемся. Не існуе і этнічнага крытэрыю. Галоўны крытэрый – цікавасць да беларускай культуры, мовы, традыцый – таго, што мы звыкла называем беларушчызнай.– Для жыхароў Рыгі ёсць пэўнае абмежаванне выбару школы па месцу жыхарства...- Школаў нацыянальных меншасцяў, якой з’яўляецца і наша Рыжская Беларуская асноўная школа, гэта абмежаванне не датычыцца. - Ці з'явіліся ўжо першыя жадаючыя вучыцца менавіта ў беларускай школе?- Так, на сёняшні дзень у нас ужо маецца 15 чалавек, якія выказалі жаданне стаць вучнямі нашай школы. Астатнім - раю паспяшацца. Дзверы Рыжскай Беларускай асноўнай школы заўсёды гасцінна адчынены для ўсіх, хто цікавіцца яе жыццём. Таму сардэчна запрашаю бацькоў будучых першакласнікаў наведаць нашу школу ў любы час, каб самім знайсці адказы на свае пытанні.. Дарэчы, хачу нагадаць, што па традыцыі, у апошні дзень лютага ў школе будзе праводзіцца дзень сустрэчы з нашымі выпускнікамі. Будзем рады ўсім, каму не абыякава наша школа .Адрас Рыжскай Беларускай асноўнай школы:Рыга, вул. Келдыша, 4Тэлефон для даведак: 7247545Паводле "Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" (www.svitanak.lv)