Шукаем зніклыя матэрыялы з архіву С.Сахарава (Латвія)
Прозвішча слыннага грамадскага і культурнага дзеяча мінулага стагоддзя С. П. Сахарава добра вядома беларусам усяго свету. Сяргей Сахараў нарадзіўся 17 (29) жніўня 1880 г. у Полацку. Але лёс размяркаваў так, што ён стаў "культуры беларускай адраджэцам у Латвіі ". За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі атрымаў у 1939 г. прэмію, якую патраціў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця –зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. Рукапісныя другі, трэці і чацвёрты выпускі – адна з крыніц для папаўнення акадэмічнага выдання “Беларускай народнай творчасці”. Есць у літаратурнай спадчыне С.Сахарава асобныя брашуры – нарысы па гісторыі Латгальскага краю, на школьныя тэмы: “Кароткая запіска аб існаванні Люцынскай гімназіі…”, ”Гістарычны нарыс пяцігоддзя дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі…”. Надрукаваў некалькі навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных старажытнаму Полацку. Адно з захапленняў С.Сахарава – складанне календароў. Да прыкладу, ён выдаў “Беларускі каляндар” на 1937 г. С.Сахарава не стала на 75-м годзе жыцця. Дачка яго, Ірына Вількель, якая жыла ў Рызе, перадала рукапісную спадчыну С.Сахарава ў Беларусь, тым самым выканаўшы бацькоўскі запавет. А каштоўнасць яе ў першую чаргу ў тым, што збіральнік фальклору беларусаў дасканала даследоваў мала знаны этнаграфічны абшар, сумленна і шчыра выканаў асабісты наказ Я.Райніса: перадаць нашчадкам скарб вусна-паэтычнай творчасці продкаў. У адной з балад сахараўскага зборніка “У зяленым садзе вятры гудзелі…” расказваецца, як “сівы конь” прывёз на сядзельцы дадому пасечанаю кашулю паўшага ў бітве воіна. Балада зканчваецца наказам: Вазьмі гэту кашульку, вымый яе слязьмі, Высушы дыхамі, звалкуй не рукамі I складзі – слоўцамі. Менавіта з удзячных слоў і складаецца памяць пра чалавека, які невымерна многа зрабіў для вяртання нацыянальнай свядомасьці карэннаму беларускаму насельніцтву Латвіі, для ўсталявання латышска-беларускага ўзаемаразумення.І Яшчэ сёння чакае публікацыі яго фальклорна-этнаграфічная, літаратурна-публіцыстычная спадчына. Многае ў асэнсаванні яго жыццёвага і асветніцкага подзвігу зроблена Марынай Ліс і Арсенем Лісам, асобныя запісы змешаны ў шматтомным выданні “Беларуская народная творчасць”, яго жыццё даследаваў Сяргей Панізнік у кнізе "Крывіцкія Руны. Беларускія пісьменнікі Латвіі". Да 115-годдзя з дня нараджэння С.Сахарава з ініцыятывы таварыства “Беларусь-Латвія” адбылася ў Полацку выстава “Збіральнік духоўных скарбаў”. У тым жа 1995г., ужо ў Мінску, у Доме дружбы на выставе “Яніс Райніс і Беларусь” былі прадстаўлены дакументы, архіўныя матэрыялы, рукапісы – у “падсветку” вялізнай спадчыны С.Сахарава. Нездарма яго называлі беларускім Нестарам. На жаль, як нам стала вядома, на заканчэнні мінулага года ў снежні знікла частка матэрыялаў з архіву Сяргея Сахарава, гэту спадчыну захоўвала ўнучка С.П.Сахарава. У прыватнасці, зніклі матэрыялы, якія тычыліся жыцця святара Нікановіча - ( у 1910г. Ф.Нікановіч быў абраны ў 3-Дзяржаўную Думу), яны захоўваліся яшчэ самім Сахаравым, дакументы, якія тычацца жонкі Сахарава - Вольгі Фёдараўны Сахаравай(Нікановіч). Асобныя матэрыялы са зніклага архіву ўжо ўдалося адшукаць і яны будуць перададзены нашчадкам Сяргея Сахарава. Лёс астатніх - пакуль што невядомы. Калі яны знікуць - гэта будзе непамерная страта не толькі для сям'і Сяргея Сахарава, але і для ўсёй беларускай грамадскасці Латвіі. Таму звяртаемся да ўсіх, хто валодае інфармацыяй пра зніклыя матэрыялы з архіву Сахарава з просьбай ад дапамозе. Вы можаце ліставаць на адрас нашага сайту, альбо звязацца па тэлефонах 26763428(сп. Нонна), 26471310(Таццяна) Паводле "Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" (www.svitanak.lv)