“Галерэя Ады“ (Літва)

У Вільні 27 снежня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве ў чарговы раз сустрэліся беларусы, каб адзначыць Каляды і Новы год і павіншаваць адзін аднаго са святамі. Галоўнай падзеяй сустрэчы была прэзентацыя ўжо вядомага ў Беларусі і свеце дакументальнага фільму Уладзіміра Коласа пра грамадскую актывістку Аду Райчонак “Галерэя Ады“ з удзелам самой гераіні. Перад прэзентацыяй адбыўся пазачарговы сход ТБК, дзе разглядалі арганізацыйныя пытанні адносна  стварэння  беларускага культурнага цэнтру Якуба Коласа ў Вільні. Так, доўгія дваццаць гадоў змаганняў урэшце рэшт прынеслі свой плён (відаць, ужо ніхто ў гэта ня верыў), і музей-цэнтар імя класіка беларускай літаратуры пачынае сваё існаванне. Безумоўна, галоўнае наперадзе: гэта і збіранне і адваяванне ў іншых музеяў экспанатаў, гэта і пабудова будынку, пошук грашовых сродкаў і ахвярадаўцаў, але справа па ўвекавечванні памяці песняра на Віленшчыне зрушылася і стала не прывідам, а рэальнасцю. Аддаць належнае варта старшыні ТБК паважанаму Хведару Нюньку, які ўвесь гэты доўгі час вёў зацятае змаганне за адкрыццё музея, і не страчваючы надзеі, здзейсніў сваю чарговую мару па захаванні беларускасці ў Літве. У госці быў запрошаны ўкраінскі ансамбаль “Світлиця”, які павіншаваў беларусаў са святамі і праспяваў калядкі на ўкраінскай мове. Гэта ўжо ня першае выступленне ў ТБК. Яны выступалі і на святочным канцэрце, прысвечаным 90-годдзю абвешчання БНР у Вільні. Але галоўнай падзеяй вечара была прэзэентацыя стужкі “Галерэя Ады”. Варта адзначыць, што гэты фільм заваёўвае ўсё большую і большую папулярнасць: ён атрымаў галоўную ўзнагароду на VІІІ Міжнародным фестывалі крэатыўных дакументальных фільмаў “Escales Documentaіre” у французкім горадзе Ла-Рашэль. Перад гэтым на тэлефестывалі “Залаты бубен” у Ханты-Мансійску (Расія) стаў лаўрэатам у катэгорыі “Нацыянальны характар”, а 24 кастрычніка 2008 г. заняў першае месца ў катэгорыі “Найлепшы рэгіянальны нізкабюджэтны дакументальны фільм” на конкурсе “Europa Prіx” у Бэрліне. Аб стварэнні фільма, аб тых цяжкасцях, з якімі стваральнікі сутыкаліся, апавядалі рэжысёр і аўтар Ул. Колас і галоўная гераіня Ада Райчонак, якая крыху распавяла пра сябе, пра свой нялёгкі жыццёвы шлях, пра тое, што яе звязвае з Вільняй і беларусамі гэтага Вечнага Гораду. Фільм аб ёй, вясковай настаўніцы, якая падчас Другой сусветнай вайны выжыла ў Віцебскім гета, сёння ў звычайнай вёсцы Германавічы (былым мястэчку), што на Шаркаўшчыне, займаецца культурніцкай дзейнасцю. Гэтая стужка перад усім аб лёсе чалавека, аб яго супрацьстаянні знешняму асяроддзю і непаразуменню з ім, аб тым, што чалавек у любой сітуацыі можа рабіць прыгожае, велічнае, калі ён гэтага  пажадае. Яна і аб тым, як чалавек, зламаны жыццём і абставінамі, можа падымацца і ісці далей, несучы ў гэтае шэрае і змрочнае вясковае жыццё нешта іншае, больш значнае, чым інстыктыўнае існаванне ад заробку да заробку па прынцыпу “мая хата побач”. Праглядаючы стужку, мы пераносімся ў звычайную вёску, з яе бытам, праблемамі, радасцямі... Бачым чалавека з глыбінкі і што яго хвалюе. І на фоне гэтага яна, былая настаўніца, ўклінваецца ў гэтае стандартнае існаванне і спрабуе яго змяніць. Ада Райчонак стала стваральніцай чатырох музеяў – гэта вялізны ўклад у захаванне спадчыны ў рэгіёне. Яна займаецца грамадскай дзейнасцю і апошнія 15 гадоў праводзіць мастацкія пленэры. Адзін з такіх пленэраў 2007 году і пакладзены ў аснову сюжэту стужкі. Тут аўтар вельмі ўдала спалучае у адну дзве лініі: жыццё сялян, іх быт і творчую інтэлігенцыю. Тут яны перасякаюцца і цягам гадзіны вядуць сваё супольнае суіснаванне і, сутыкаючыся адзін з адным, паказваюць найбольш вострыя праблемы сённяшняй беларускай глыбінкі і яе насельнікаў, іх канфлікт з светам культуры, мастацтва (іншага, чужога ім светапогляду). І гераіня фільму спрабуе прымірыць гэтыя дзве лініі, хоча, каб вёска вырвалася са свайго прымітыўнага існавання і адчула, што свет не замыкаецца мястэчкам, каровамі, свіннямі, а ёсць яшчэ іншае – галерэя Ады, свет мастацтва і прыгожага, які ўказвае чалавеку на яго годнасць і вялікасць паклікання на гэтай зямлі, і што будзёнае і шэрае можа быць прыгожым. Трэба гэта толькі зразумець. Паводле газеты “Беларус”